Юрась Зянковіч: Мажліва, для Беларусі Трамп будзе больш карысным
У Злучаных Штатах афіцыйна скончыліся прэзідэнцкія выбары. Сорак пятым прэзідэнтам ЗША стаў Дональд Трамп.
Як паўплываюць выбары ў ЗША на геапалітычную сітуацыю ва Усходняй Еўропе? Перамога якога кандыдата больш карысная для Беларусі? І, увогуле – ці можна чакаць кардынальнай змены амерыкана-беларускія адносінаў пасля прэзідэнцкіх выбараў?
На гэтыя пытанні нашага карэспандэнта Марціна Войны адказвае беларус Юрась Зянковіч, які з 2007 года жыве ў ЗША і займаецца там адвакацкай практыкай.
Юрась Зянковіч: Шмат у якіх народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ёсць стэрэатып: маўляў, мы тут пуп зямлі. Ёсць такое і ў украінцаў, і ў беларусаў таксама: маўляў, увесь свет прагне нас захапіць. Насамрэч калі тое беларускае пытанне стаіць у парадку дня ў Дзярждэпартаменце ў пятым ці ў шостым дзясятку – то гэта добра. Шараговы амерыканец вельмі цьмяна ўяўляе, што гэта за Беларусь, дзе яна знаходзіцца і чым жыве. Калі мяне ў Амерыцы пытаюцца пра Беларусь, я кажу: генерала Касцюшку ведаеце, таго самага, які заснаваў вайсковую акадэмію Вест-Пойнт? Ён з Беларусі. Акцёра Гарысана Форда ведаеце? Яго продкі з Беларусі… Вельмі паказальны момант: у Дзярждэпартаменце толькі адзін чыноўнік займаецца беларускімі праблемамі, дый і тое, ён дзеліць свой працоўны час паміж Беларуссю і яшчэ некалькімі краінамі.
РР: На ваш погляд, чыя перамога на выбарах прэзідэнта ЗША была б больш карыснай для Беларусі і ўвогуле для краін постсавецкай прасторы?
Юрась Зянковіч: Цяжка сказаць. Бо малазразумелая пазіцыя абодвух кандыдатаў. Традыцыйна амерыканская знешняя палітыка грунтуецца на так званай “дактрыне Манро”. Быў калісь такі амерыканскі прэзідэнт у першай палове 19 стагоддзя, які сфармуляваў тэзіс: Амерыка – гэта Амерыка, а Еўропа – гэта Еўропа. Амерыка жыве сваім жыццём, Еўропа – сваім. Амерыка не павінна вырашаць праблемы Еўропы, а Еўропа – праблемы Амерыкі. Калі ў Амерыцы пачынаецца крызіс… ну, не ў беларускім сэнсе гэтага слова, а проста крыху пагаршаецца жыццё, то шмат хто прыгадвае “дактрыну Манро”. Дональд Трамп – яскравы прыхільнік гэтай дактрыны. Маўляў – цяпер час сканцэнтравацца на амерыканскіх праблемах, а не праблемам іншых краін… Але, з іншага боку, усе спробы ЗША за апошнія пяцьдзясят гадоў сканцэнтравацца выключна на ўласных праблемах праваліліся. Хто б не стаў прэзідэнтам, ён проста мусіць вырашаць праблемы глабальнай бяспекі, праблемы Расеі. Што б яны там не гаварылі, гэта тыя праблемы, з якімі яны будуць вымушаныя сутыкацца. Традыцыйна рэспубліканская адміністрацыя дзейнічае больш жорсткімі метадамі і ў адносінах да Расеі, і ў адносінах да Кітая, і ў адносінах да ісламскіх радыкалаў. Мажліва, для Беларусі нават Трамп быў бы больш карысным. Разам з ім да ўлады прыйдуць рэспубліканцы, якія зоймуць пасады ў Дзярждэпартаменце, у вайсковым дэпартаменце, у спецслужбах і гэтак далей.
Паводле амерыканскай канстытуцыі, інагурацыя наступнага прэзідэнта ЗША мае адбыцца 20 студзеня 2017 года.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя