Аўгустоўскі канал без віз наведалі 170 турыстаў
Больш за 170 замежных турыстаў заехалі ў Беларусь без віз праз пункты пропуску Гарадзенскай памежнай групы з 26 кастрычніка.
Скарыстацца магчымасцю бязвізавага знаходжання ў Беларусі могуць як індывідуальныя турысты, так і турыстычныя групы, паведамляе „Гродзенская праўда”.
Як паведаміў прэс-сакратар Гарадзенскай памежнай групы Сяргей Шумейка, з 26 кастрычніка да 7 лістапада праз пункт пропуску „Брузгі” перасеклі мяжу без віз 83 грамадзяніна Польшчы, 4 гішпанцы, па адным грамадзяніну Літвы, Нямеччыны і Італіі. У пункце пропуску „Прывалка” аформілі бязвізавы ўезд 34 грамадзян Літвы, 26 латышоў, 6 фінаў, 5 палякаў, 1 бельгіец, 1 гішпанец і 5 асоб без грамадзянства. Праз пункт пропуску „Лясная — Рудаўка” заехалі 9 грамадзян Польшчы.
Пры гэтым адзначаецца павелічэнне плыні бязвізавых турыстаў. Калі ў кастрычніку за пяць дзён такім чынам заехалі на тэрыторыю спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку „Аўгустоўскі канал” 45 замежных турыстаў, то за 7 дзён лістапада – ужо 132 чалавекі.