Хай у Крамлі заўчасна не радуюцца!



Сярод каментарыяў датычных наступстваў прэзідэнцкіх выбараў у ЗША шмат месца займаюць амэрыканска-расейскія адносіны. Зыходзячы з факту цёплых заяваў Трампа на адрас Пуціна, гучалі заявы наконт магчымай здзелкі паміж Белым Домам і Крамлём. Аднак на думку многіх аглядальнікаў і палітыкаў, выбар Трампа можа аказацца для пуцінскай Расеі якраз нявыгадны.

Не сакрэт, што ў Маскве моцна разлічвалі і ўскладалі вялікія спадзяванні на перамогу Трампа. Калі ўчора, 9 кастрычніка, гэта стала фактам, лідар ЛДПР Уладзімір Жырыноўскі наладзіў у Дзярждуме банкет. «Амерыка цяпер будзе менш умешвацца ў чужыя справы…За новую ўнутраную і знешнюю палітыку ЗША і паляпшэнне адносінаў з Расеяй», — узнёс тост з шампанскім Жырыноўскі. Аднак ня ўсе ў Расеі падзяляюць ягоную эйфарыю. У прыватнасці эксперт Расейскага Інстытуту эканамічнай палітыкі імя Гайдара Сяргей Жаваранкоў заявіў іншае. «На мой погляд, Трамп — гэта дрэнная навіна для Пуціна. Бяда большасці заходніх палітыкаў у іхняй баязлівасці і дыпламатычнасці. Заходні свет будуецца па логіцы кампрамісу, дамоўленасцяў, супрацоўніцтва. Там не прынята нешта “праціскаць” як у нас, і рэжым накшталт расейскага ўмела гэта скарыстоўваў лічачы такую пазіцыю слабасцю. Аднак ЗША на чале з Трампам будуць дамаўляцца паводле сваіх правілаў: альбо гэтак, альбо ніяк», —заявіў Жаваранкаў.

Дарэчы, як гэта не дзіўна, але ўкраінскія палітыкі і палітолагі лічаць карысным для Украіны сам факт рэспубліканскай партыі пры ўладзе. Па словах спікера Вярхоўнай Рады Андрэя Парубія, Рэспубліканская партыя традыцыйна падтрымлівае Украіну. Палітычны эксперт Яўген Магда лічыць, што рэспубліканцы ў мінулым праводзілі жорсткую, антырасейскую палітыку і будуць гэтага прытрымлівацца надалей. Па яго словах, амерыканска-украінскія дачыненнінапэўна не будуць замарожаныя, а Трамп не будзе такім пра-расейскім як гэта выглядала ў час выбарчай кампаніі. «Трэба адрозніваць выбарчую рыторыку ад дзеянняў на пасадзе прэзідэнта,» — заявіў Магда. Кіраўнік Цэнтра ваенна-прававых даследаванняў Аляксандр Мусіенка таксама прагназуе антырасейскі курс новай адміністрацыі ЗША. Ён думае, што менавіта цяпер будзе разблакаванае рашэнне аб пастаўках зброі для Украіны з адначасовым патрабаваннем рэальных рэформаў. Мусіенка выказаў думку, што для Кіева было б ідэальна, каб пытаннямі Украіны займаўся віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс. Таксама палітолаг Віталь Портнікаў лічыць, што ніякіх «пацалункаў паміж Трампам і Пуцінам-не будзе». Па яго словах, у адрозненні ад Абамы, Трамп не сцерпіць ніякага прыніжэння з боку Пуціна. Верагоднасць гарачага канфлікту паміж ЗША і Расеяй становіцца большай чым пры Абаме, — лічыць Портнікаў. Дарэчы і падчас выбарчай кампаніі Трамп гаварыў, што калі і будзе размаўляць з Расеяй, дык з пазіцыі сілы. Затое ў дырэктара Інстытута глабальных стратэгіяў-Вадзіма Карасева менш аптымістычная думка: паколькі большасць украінцаў разлічвала на перамогу Клінтан і пераемнасць палітыкі Абамы, новая адміністрацыя можа адвярнуцца ад Украіны.

Спрагназаць палітыку новай адміністрацыі на трэці дзень пасля выбараў немагчыма. Мабыць не прыходзіцца таксама чакаць ад Трампа, што ён стане прэзідэнтам рэйганаўскага маштабу. Затое крамлёўскаму гаспадару варта было б звярнуць увагу на адну акалічнасць: Трамп хоча прымусіць саюзнікаў па НАТО павялічыць выдаткі на абарону. Пад ціскам Вашынгтону яны будуць вымушаныя гэта зрабіць. Гэта дэ факта азначае гонку ўзбраенняў, якая ў свой час разваліла Савецкі саюз. Ці ж ахопленая крызісам, збяднелая Расея здольная справіцца з такім выклікам? Ні ў якім разе. Калі да ўсяго гэтага дадаць чалавечы фактар, што Трамп-поўная супрацьлегласьць бяззубага баягуза Абамы, дык у Крамлі і Думе пакуль няма падставаў распіваць шампанскае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ