Конрад Паўлік: Беларусь і Польшча шмат у чым адна адной могуць падставіць плячо!



11 лістапада, 98-ы год запар, Польшча святкуе Дзень Незалежнасці, які называюць яшчэ Днём Адраджэння. Калі  грамадзяне суседняй з намі краіны прыгадваюць як пра слаўныя старонкі гісторыі, пра нацыянальных геніяў і герояў, так і пра цяжкія ды крывавыя падзеі. Паміж нашымі краінамі акурат у апошнія часы ўзмацнілася супрацоўніцтва літаральна ва ўсіх сферах. У палітычнай – нагадаю візіты міністра замежных спраў Вітольда Вашчыкоўскага ды палітычныя кансультацыі яго намесніка Марэка Зюлкоўскага. У эканамічнай – быў дадзены штуршок паглыбленню інвестыцый ды эканамічнага супрацоўніцтва ў часе перамоў на вышэйшым узроўні віцэ-прэм’ера Матэвуша Маравецкага. Польскі бок фінансуе аўтарытэтную прэмію Ежы Гедройца, што падтрымлівае лепшую беларускую літаратуру. Зараз ідзе ў Менску месяц польскай кнігі ў перакладзе на беларускую мову, арганізаваны Польскім інстытутам ды Літаратурным домам Логвінаў.

Наш госць  – Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь КОНРАД ПАЎЛІК.

img_7837

РР: Раскажыце гісторыю ўсталявання свята. Якія імёны асабіста Вам найбольш дарагія?

Конрад Паўлік: Гэта найбольш значнае свята для ўсіх палякаў унутры краіны і за мяжой. Дзень быў усталяваны пасля першай сусветнай вайны. Прасавецкія ўлады яго “не заўважалі” і не адзначалі. У 1989-ым пасля “краху камунізму” быў адноўлены і стаў дзяржаўным. У ім – найвялікшая праява нашага імкнення да поўнай суверэннасці і дэмакратыі пасля 123 год падзелаў і небыцця на карце Еўропы. Канешне, свята звязана з імёнамі пэўных гістарычных асоб. Найперш – маршала Юзэфа Пілсудскага, які актыўна змагаўся за нашу дзяржаўнасць і да 1918-а. Спачатку з групай жаўнераў-добраахвотнікаў. Пасля, ужо будучы “лідарам паньства”, аднаўляў краіну, садзейнічаў, каб адбыліся вольныя выбары ў першыя польскія сейм і сенат, была прынятая першая Канстытуцыя. Наша яшчэ адно выдатнае свята – 3 траўня – прыняцце Канстытуцыі, першай у Еўропе і другой у свеце.  Варта прыгадаць і імёны – Рамана Дмоўскага, Ігнатаў Дашыньскага і Падарэўскага, дый многіх-многіх іншых палітыкаў, дзеячаў грамадства і культуры, простых людзей, што ахвяравалі здароўе і жыцці за Незалежнасць і Дзяржаўнасць. Для іх гэта была найвышэйшая каштоўнасць… Яны стварылі і аднавілі Польшчу.

РР: Урачыстасці, як зазвычай, пачнуцца на пляцы Пілсудскага ў Варшаве?

Конрад Паўлік: Так, і  святкаванне мае тры вымярэнні – дзяржаўнае, з удзелам першых асоб, прэзідэнта, што прымаюць вайсковы парад. Яны ж бяруць удзел у пачэснай службе ў Катадральным касцёле ў Варшаве. А звычайныя людзі таксама ідуць на службу ў гарадах і мястэчках, самі арганізоўваюць маршы – гэта свята Радасці. І, канешне, успамінаў пра змагароў, герояў і…ахвяраў.

РР: Ведаю, што вашы навукоўца, даследчыкі дагэтуль вывучаюць факты сумна вядомай энкавэдысцкай аблавы на тэрыторыі Аўгустоўскай пушчы ў ліпені 1945 па знішчэнні антыкамуністычага падполля. Спрабуюць дастукацца, як і беларусы, да праўды пра палякаў, закатаваных таксама ў Курапатах?

Конрад Паўлік: Мушу зазначыць, што між палякамі і беларусамі ў гэтым сэнсе гістарычных непаразуменняў няма. Нашы народы – аднолькавыя ахвяры сталінскага дэспатызму. А тэме няма статусу архіўнай даўніны. Гісторыкі працуюць і будуць яе даследаваць крок за крокам. 

img_1457

РР:  Яшчэ добрая навіна – з 26 кастрычніка адчынены бязвізавы ўезд на 5 дзён на тэрыторыю Аўгустоўскага канала ды Гародні з Польшчы. Але якія перспектывы і галоўная цяжкасць у адкрыцці малога памежнага руху ў 50-км зоне Гарадзеншчыны-Берасцейшчыны ды Падляшша, што трэба неадкладна прыняць, на Вашу думку?

Конрад Паўлік: Як вы ведаеце, працэдурныя пытанні між урадамі Польшчы і Беларусі аб малым памежным руху былі вырашаныя яшчэ ў 2010-ым. З польскага боку дамова ратыфікаваная і падпісаная прэзідэнтам. Мы гатовыя пачаць рух хоць заўтра…

РР: Бракуе палітычнай волі беларускага боку?

Конрад Паўлік: На сённяшні дзень нас радуе кастрычніцкае рашэнне, што, у тым ліку, дазволіла польскім грамадзянам бязвізавае наведванне Белавежскай пушчы і тэрыторыі Аўгустоўскага канала. Лічым гэта першым крокам і да ўкаранення памежнага руху.

РР: Але днямі Вы правялі прэс-канферэнцыю наконт праграмы прасоўвання польскай сельскагаспадарчай прадукцыі “Смакі Еўропы”. Сярод іншага, разглядаліся пытанні пашырэння сезоннага працаўладкавання беларусаў на працу ў Польшчы – зараз іх усяго 7900, у параўнанні з 611 тысячамі ўкраінцаў. Што ж, не сумняваюся, што ахвотныя паехаць да вас знойдуцца – у нас беспрацоўе толькі расце. Але якія праблемы трэба вырашыць з беларускага боку?

img_1459

Конрад Паўлік: Паводле згаданай статыстыкі, размова ідзе пакуль пра ўладкаванне на сезонную працу цягам 1-2-3 месяцаў. Гэта нароўні з сельскай гаспадаркай тычыцца прамысловасці і сектара паслуг. У нас штогадовы эканамічны рост на 3-4 %. Прычым наша беспрацоўе змяншаецца. Колькасць работнікаў жа не павялічваецца – дэмаграфія, народ старэе. Попыт на кваліфікаваных і працавітых спецыялістаў нарастае. І беларусы высока каціруюцца. А заяўкі з Польшчы ў наш аддзел гандлю і інвестыцый прыходзяць з розных рэгіёнаў штодзень. Таму мы хочам неяк супольна з вашымі ўладамі сістэматызаваць супрацоўніцтва ў сферы працаўладкавання. Пакуль існуюць індывідуальныя кантакты асобных беларусаў з нашымі прадпрымальнікамі. Патрэбныя ж тутэйшыя пасярэднікі, што давалі б інфармацыю пра наяўнасць і кваліфікацыю працоўнай сілы, да якіх яны змаглі б звярнуцца. Пры чым, пэўныя польскія кампаніі адкрылі б у вас офісы для такіх пасрэдніцкіх кампаній. Мы высвятляем, якія працэдуры з гэтым звязаныя, бо ж гаворым пра легальную працу, паводле польскага ды еўрапейскага права, таксама беларускага заканадаўства. Мы на пачатковай стадыі і, здаецца, маглі б адно аднаму падставіць плячо!

РР: У Заходняй Беларусі дзейнічаюць два Саюзы палякаў – праўладны, як яго называюць у нашых апазіцыйных СМІ, і незалежны. У іх ёсць як палітычныя рознагалоссі, так і маёмасныя прэтэнзіі адзін да аднаго, бо Дамы палякаў пабудаваныя за кошт “Спульноты польскай”, арганізацыі, што займаецца нацыянальнай дыяспарай у свеце. І – незаконна, як лічылася, “перададзеныя” “праўладным”. Якое зараз стаўленне Вашай дзяржавы да “польскага пытання” ў Беларусі, ці магчымае замірэнне і супольная дзейнасць УСІХ беларускіх палякаў?

Конрад Паўлік: Гэта праблема на нашым парадку дня пастаянна. Цягам апошняга візіту Вітальда Вашчыкоўскага было ж сумесна заяўлена, што бакі гатовы абмяркоўваць і вырашаць УСЕ пытанні ў любых сферах. Але не ў мітынговым запале, а, як мне здаецца, крок за крокам у цішыні кабінетаў. Веру, што даможамся канкрэтных вынікаў.

РР: Дарадца міністра замежных спраў, прафесар Пшэмыслаў Жураўскі вель Граеўскі заявіў у нашумелым у нас артыкуле, што Беларусь можа стаць “лёгкай мішэнню” для расейскай імперскасці з мэтай ўмацавання праславутага “рускага міра”. Ці думаеце надалей падтрымліваць у нас дэмакратычныя працэсы, адукацыйныя праграмы? Польшчу зараз жа называюць „нашым вакном ў Еўропу”…

Конрад Паўлік: Не лічу, што за апошнія месяцы польскае стаўленне да заяўленых праблем неяк радыкальна змянілася. Што тычыць, да прыкладу, адукацыі канкрэтна. Падчас нядаўняга візіту намесніка МЗС Беларусі была падпісаная амбіцыйная дамова аб адукацыі паміж краінамі, што дае магчымасці абмену студэнтамі, накіраванні польскіх настаўнікаў у Беларусь. У перспектыве – стварэння фонду абмену моладзі.

РР: Чым болей будзе кантактаў, а значыць, даверу – тым меней стане вайсковая пагроза, што ці то ўзмацняецца, ці слабне з-за хуткаплынных змен у геапалітыцы… 

Конрад Паўлік: Лепш дамаўляцца, чым ізалявацца. Гэта дазваляе пазбегнуць усякіх фобіяў і памылак. І добра, што зараз адкрыты і шчыры дыялог пачаўся! Для нас гэта найперш супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, што прыгадвалі ў часе размовы.

РР: Тады нагадаю і тое, што ў 90-ых на вайсковых вучэннях стала і ўзаемна прысутнічалі натаўскія вайскоўцы ды з былога СССР. Ці варта, каб усё адрадзілася?

Конрад Паўлік: На самай справе! Дарэчы, яшчэ да вядомага саміту НАТА ў Варшаве адбыліся ж вучэнні “Анаконда-2016”, дзе прысутнічалі і беларускія назіральнікі. Такія кантакты і паказваюць тым, хто шукае агрэсію, што ў нас няма захопніцкіх амбіцый, ствараюць давер. Тым больш, добра бачна, што вайсковыя перасоўванні маюць чыста абарончы характар.

РР: На першай прэс-канферэнцыі Вы паабяцалі вывучаць беларускую мову. Як поспехі?

Конрад Паўлік: (на ўсмешцы) Стараюся! І перадаю прывітанне ўсім слухачам Беларускага Радыё Рацыя і з нагоды нашага Дня Незалежнасці!

НАША ДАВЕДКА. Конраду Паўліку 39. Да прызначэння ў Менск працаваў у Міністэрстве замежных спраў Польшчы ва Усходнім дэпартаменце, а таксама ўпаўнаважаным па справах Усходняга партнёрства. Да 2015 – намеснікам міністра, адказным за супрацоўніцтва з польскай дыяспарай за мяжой, усходнюю палітыку і пытанні бяспекі.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара і з архіва амбасады