Марш Незалежнасці ў Варшаве: ад талерантнасці да мацюкоў (абноўлена)
Дзясяткі тысяч чалавек прынялі ўдзел у Маршы Незалежнасці ў Варшаве.
Шэсце было арганізавана ўрачыста, у мерапрыемстве ўзялі ўдзел ветэраны Арміі Краёвай, а таксама групы гістарычнай рэканструкцыі – так на чале марша можна было ўбачыць гусараў і конных ваяроў Сярэдневечча.
У цэлым, мерпарыемства прайшло спакойна, але не абышлося без непрыемнага інцыдэнту – некалькі чалавек у масках спалілі ўкраінскі сцяг. Ці Марш нацыяналістаў сапраўды скіраваны супраць іншых народаў? Наш карэспандэнт, размаўляючы з удзельнікамі шэсця, таксама сутыкнуўся з нянавісцю да ўкраінцаў, хоць многія і асудзілі такія дзеянні.
– Хадзіў на такія мерапрыемствы, каб паказаць сваім сынам, як гэта выглядае.
– Часта ўдзельнічаю ў такіх маршах і ніколі не бычыў прыкладаў нянавісці і неталерантнасці. З усёй Еўропы сюды прыязджаюць людзі, нават з Галяндыі і Англіі сустракаў людзей з польскімі сцягамі. Усё вельмі культурна.
– Украіна – гэта бандэры. Беларусь – гэта добра.
– Гэты марш – маніфесацыя таго, што мы з’яўляемся палякамі і ганарымся гэтым.
– Няхай будзе некалькі маршаў, але няхай яны праходзяць ва ўрачыстай атмасферы еднасці.
РР: Падчас маршу спалілі ўкраінскі сцяг. Як вы да гэтага ставіцеся?
– Трэба ўлічваць тое, што грамадства падзелена як у Польшчы, так і ва Украіне.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле
Фота naszemiasto.pl
* * *
У Варшаве прайшлі адразу некалькі маніфестацый, у тым ліку шэсці нацыяналістаў, апазіцыянераў і антыфашыстаў. Перад гэтым адбыліся таксама дзяржаўныя ўрачыстасці.
Падчас ускладання вянка да Труны Невядомага Жаўнера прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заклікаў да нацыянальнай еднасці і зазначыў, што падрыхтаваў закон, каб на сотыя ўгодкі Незалежнасці было шэсце супольнае для ўсяго грамадства:
– Мы вырашылі падрыхтаваць праект закона аб святкаванні 100-й гадавіны Незалежнасці Польшчы. Каб мы маглі пайсці ўсе разам у адным маршы ў гонар незалежнай і суверэннай Польшчы.
Прэзідэнт Польшчы дадаў, што падрыхтоўкай святкавання стагоддзя аднаўлення незалежнасці будзе займацца камітэт, куды ўвойдуць як прадстаўнікі ўлады, гэтак і апазіцыі, у тым ліку пазапарламенцкай.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Krzysztof Sitkowski / KPRP
* * *
З гэтае нагоды ў Варшаве ўрачыста адкрылі Святыню Божага Провіду.
Сведкам падзеі стаў наш карэспандэнт Адам Завальня:
– Гэта незвычайны касцёл, незвычайны храм. Пастанова пра будаўніцтва гэтага касцёла была прынята Чатырохгадовым соймам Рэчы Паспалітай у знак удзячнасці за прыняццё Канстытуцыі 3 траўня. На жаль, доўгі час гэтага не атрымлівалася зрабіць з-за акупацый у Польшчы. І толькі цяпер, праз 225 гадоў, гэтая святыня была ўрачыста адкрыта. На ўрачыстасцях быў таксама прэзідэнт Польшчы. Анджэй Дуда таксама ўскладзе сёння кветкі да помніка маршалку Юзэфу Пілсудскаму і труны невядомага жаўнера.
Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота PAP/Jakub Kamiński