Кашубы святкуюць Дзень незалежнасці Польшчы
Кашубы адзначаюць Дзень незалежнасці Польшчы з кашубскімі і польскімі сцягамі. У Вейгэрове, што на Памор’і, 11 лістапада адзначылі малітвай за айчыну, шэсцем вуліцамі горада і супольным спевам патрыятычных песень.
Як адзначыла стараста павета Габрэля Лісюс, на Кашубах Свята незалежнасці праходзіць заўсёды з польскімі і кашубскімі сцягамі.
– Мы радуемся нашай незалежнасці як палякі і як кашубы. Таму ўсюды мы бачым бел-чырвоныя і нашыя кашубскія сцягі. Гэта наша агульнае, прыгожае, радаснае свята. Мы яго святкуем супольнай малітвай, супольным шэсцем і спевам ад маленькіх дзяцей да сталых людзей.
Пётр Сыроцкі:
– Ёсць такі выраз – няма Польшчы без кашубаў, і кашубаў без Польшчы. Мы святкуем разам, і паўсюль польскія і кашубскія сцягі.
Кашубская меншасць таксама гучна святкуе 19 сакавіка. Тады, у 1238 годзе, упершыню было згаданае гэтае племя ў Булі, выдадзенай Папам Рымскім Рыгорам ІХ.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара