Канада заклікала захаваць санкцыі ў дачыненні да Расеі



Паводзіны Расеі ў Сірыі і ва Ўкраіне „мякка кажучы, праблематычныя”, заявіў міністр замежных спраў Канады Стэфан Дыён. Таму Канада выступае за тое, каб усе краіны захаду захавалі санкцыі супраць Расеі за яе агрэсію ў згаданыя краіны.

Пра гэта Стэфан Дыён заявіў у час афіцыйнага візіту ў Эфіопію, перадало Reuters.

Вясной 2014 году Расея анексавала ўкраінскую паўвыспу Крым і пачала далейшую ваенную агрэсію на ўсходзе Ўкраіны. У дачыненні да расейскай дзяржавы былі ўведзены эканамічныя санкцыі ЗША, Еўразвязам, Канадай і некаторымі іншымі дзяржавамі. Санкцыі некалькі разоў рабіліся больш жорсткімі і падаўжаліся. Апошні раз ЗША іх падоўжылі ў сакавіку 2016 году.

Беларускае Радыё Рацыя