Алена Анісім: Антаганізму да сябе не адчуваю
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім распавяла пра свой першы досвед працы з выбаршчыкамі ў сваёй акрузе.
Алена Анісім: У акрузе я праводзіла ўвесь час за выключэннем выходных. Сустракалася з людзьмі, высвятляла некаторыя абставіны па запытах… Безумоўна, гэта быў першы досвед. І найперш важна было даведацца, як людзі рэагуюць на саму сустрэчу. Давяраюць ці не? З якімі пытаннямі прыходзяць? З пункту гледжання дзяржавы праблемы ў людзей, можа быць, і дробныя, але для чалавека, які кожны дзень сутыкаецца з такой праблемай, ты разумееш, што гэта дастаткова важная справа. Нягледзячы на тое, што пытанне можа тычыцца нейкай лужыны на дарозе ці нечага іншага. Былі і пытанні працаўладкавання, бо здараецца, што маладыя людзі, якія займаюцца палітыкай, маюць праблемы на працы. У рэгіёнах гэта больш адчувальна.
РР: Ці шмат было зваротаў?
Алена Анісім: Дзесяць зваротаў у Стаўпцах і чатыры наведвальнікі ў Нясвіжы.
РР: Некаторыя, калі чуюць, што чалавек размаўляе на мове, кажуць так: апазіцыянер… Людзі ўспрымаюць вас таксама, як прадстаўніка апазіцыі ў парламенце?
Алена Анісім: Напачатку пэўная насцярожанасць была, але з іншага боку людзі, калі чуюць, што ты ўвесь час размаўляеш на беларукай мове і гэта не поза, а тваё натуральнае маўленне, то прымаюць тваю пазіцыю, і мы ўжо размаўляем па сутнасці справы. Таму нейкага супрацьстаяння з выбаршчыкамі няма, нейкага антаганізму я не адчуваю. Удаецца наладзіць дастаткова аргументаваную размову. І беларуская мова тут ніякім чынам не замінае. Да слова, усе запыты, якія я накіроўвую ў дзяржаўныя ўстановы, пішу толькі на беларускай мове. Але, калі чалавек звяртаўся да мяне на рускай мове, то адказваю яму і на рускай, і на беларускай. Каб людзі разумелі, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, а беларуская таксама павінна выкарыстоўвацца ва ўсіх сферах.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя