Уладзімір Падгол: Пасля выбараў пазнаюць і наліваюць бясплатна



Філосаф і былы кандыдат у дэпутаты Уладзімір Падгол распавёў, чаму пасля выхаду з Партыі БНФ не хоча далучацца ні да якіх палітычных арганізацый, і якія дывідэнды ён атрымаў ад парламенцкай кампаніі.

Нагадаем, што кіраўніцтву Партыі БНФ не спадабалася, якія метады выкарыстоўваў Падгол падчас правядзення сваёй выбарчай кампаніі. А там філосаф праявіў сябе досыць ярка – адзін раз прыйшоў на БТ у шлеме танкіста і бронекамізэльцы, у другі – з жаночымі пластыкавымі нагамі. Пасля крытыкі ў свой бок Падгол вырашыў пакінуць шэрагі партыі БНФ.

Уладзімір Падгол: Напэўна, усе ведаюць, чаму я пакінуў партыю. На Сойме нават казалі, што мае выступы на БТ – гэта выступы альбо правакатара, альбо агента КДБ, што гэта ганьба для партыі. Я тады аж ашалеў! Думаў жа, што я праславіў Партыю БНФ, бо было каля 50 тысяч праглядаў у Інтэрнэце маіх выступаў. Больш, чым ва ўсіх астатніх кандыдатаў ад партыі разам узятых! Праўда, гэтага аказалася недастатковава і старшыня партыі Янукевіч заявіў, што яшчэ невядома, чаго больш ад маёй дзейнасці – плюсаў ці мінусаў для партыі. Таму я ж, калі зганьбіў Партыю БНФ, не меў права там знаходзіцца. Тым больш, што партыйнае кіраўніцтва засталося незадаволеным і тым, што я карыстаўся падчас выбараў сцягамі Еўразвяза і ЗША. І, маўляў, з-за гэтага бізнесмены адмаўляліся даваць грошы на аплочванне арэнды памяшкання, дзе месціцца партыя.

РР: Але пасля гэтага не было жадання далучыцца да якой-небудзь іншай палітычнай структуры?

Уладзімір Падгол: Я сам сабе палітычная структура. Пісаў звароты ў парламент і Лукашэнку аб увядзенні наркакантролю на мяжы з Расеяй, з пенай у роце даказваў партыйцам, каб яны ўвялі гэты пункт у праграму. А вынікам стала заява Янукевіча, што Падголу цяжка ўтрымацца на лініі партыі і здаровага сэнсу. Адным словам, я фармаваў гэтую лінію партыі, а пра мяне затым такое кажуць. І, да слова, той жа Янукевіч не прыйшоў ні на адзін пікет, які я ладзіў. Напэўна, каб не разбураць свой вобраз. Таму ўсё даводзіцца рабіць самому. І ў мяне маса ініцыятыў. Яшчэ ў 2008 годзе я прапанаваў грамадскасці адзначыць 90-годдзе БНР правядзеннем агульнанацыянальнай дыктоўкі на беларускай мове. І з таго часу гэтая дыктоўку ўвайшла ў побыт грамадзянскай супольнасці. Сам арганізоўваў, сам амбасадараў запрашаў. Я пастаянна прапаноўваў рэчы, якія спрыялі ўмацаванню і нацыянальнай свядомасці, і суверэнітэту. Адным словам, столькі сілаў патраціў, каб “фармаваць лінію партыі”, а мне кажуць, што я на ёй не магу ўтрымацца. Дык навошта мне такія партыі ці грамадскія арганізацыі? Ісці змагацца з людзьмі, якія цябе не чуюць?

РР: Адным словам, ніякіх дывідэндаў ад парламенцкай кампаніі вы не атрымалі…

Уладзімір Падгол: Шчыра скажу, што мяне і Алеся Таўстыку зараз пазнаюць на вуліцах. У кавярні каву заказваеш, а цябе ізноў пазнаюць і прыносяць бясплатную закуску і выпіць. Кажуць: “А, гэта вы, куля для прэзідэнта!” На запраўках бясплатна машыну запраўляюць, можаце такое ўявіць?! Я яшчэ маўчу пра іншыя рэчы… Таму працаваў недарэмна. Тыя, хто хацеў мяне пачуць, пачулі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя