Працягваецца ціск на актывіста з Берасця



На берасцейскага грамадскага актывіста Андрэя Шарэнду склалі новы пратакол. Гэтым разам за акцыі пратэсту пасля “парламенцкай кампаніі 2016”, у якой хлопец не збіраўся прымаць удзелу.

„Аднак, абставіны склаліся так, што я вымушаны быў паехаць у Менск, бо за мной сачылі”, – тлумачыць Андрэй Шарэнда:

– Некалькі дзён перад маімі вокнамі стаялі міліцыянты, яны прыйшлі, калі мяне не было дома, ламіліся ў дзверы, хацелі скласці на мяне пратакол. Спачатку я ім не адчыніў, яны стаялі, чакалі мяне тры дні – з 9 па 12. Стаялі, пыталіся ў суседзяў, ці можа прыходзіў, таксама фармальны ціск. У канцы кастрычніка мне пачалі тэлефанаваць, каб я даў тлумачэнне наконт гэтай справы, што да іх дайшлі нейкія дакументы з Менску.

Маладому чалавеку ўдалося азнаёміцца і сфатаграфаваць матэрыялы справы. Ён зазначыў, што падставай для ўзбуджэння справы зноў стала інфармацыя размешчаная ў СМІ.

“Як доказы, цалкам падыходзяць матэрыялы з незалежных сайтаў”, – зазначыў Андрусь са спасылкай на мінулую справу.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце