Апытанка: 500 даляраў – мара ці рэальнасць?



Вярнуць сярэдні заробак на ўзровень 500 даляраў у 2017 годзе даручыў ураду Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта ён выказаўся падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

Паводле Лукашэнкі, цяперашні ўзровень заробкаў ён лічыць недастатковым, але і падвышаць заработную плату без росту прадукцыйнасці працы немэтазгодна.

500 даляраў: мара ці рэальнасць? Мы папрасілі выказацца мінакоў Глыбокага на гэты конт.

– Ну дзе ж яно так будзе!? Я нават слухаць не хачу. Я як атрымлівала 1 мільён 800 тысяч, так і атрымліваю.

– У прынцыпе, рэальна, але не адразу. Бо трэба ж эканоміку падняць, каб зарабіць гэтыя грошы. Не з паветра ж яны возьмуцца.

– Стаўлюся да гэтага станоўча. Але ўпэўнена, што ён гэтага не зробіць. Якім чынам? Усё дабітае.

– Я не веру. Я калгаснік і атрымліваю ўсяго 1,5 мільёна. І яшчэ абрэжуць.

– Абяцалі яшчэ ў 2016 годзе, што будзем зарабляць па 500 даляраў. Але будзем спадзявацца на лепшае.

– Ніколі гэтага не будзе. Абяцанае ведаеце колькі гадоў ўжо чакаем?..

Па словах старшыні Свабоднага прафсаюза вытворчага аб’яднання “Полацак-Шкловалакно” Віктара Стукава, каб зрабіць па краіне сярэдні заробак 500 даляраў, трэба пабудаваць у краіне яшчэ працэнтаў трыццаць новых заводаў ад таго, што ў нас ёсць. Або тыя заводы, якія нерэнтабельныя і стратныя, зрабіць  прыбытковымі.

– Гэта рэальна. Але калі наш урад будзе заставацца ў палоне савецкага разумення эканомікі, калі ўлады будуць займацца палітэканоміяй, а не эканомікай, то гэта зрабіць проста немагчыма.

Як кажа Віктар Стукаў, прадукцыйнасць працы ў Беларусі падымаецца і метадам скарачэння работнікаў. Існуе ў краіне і праблема “схаванага скарачэння”.

Паводле апошніх звестак Белстата, у эканоміцы Беларусі ў жніўні 2016 года, у параўнанні з мінулым годам, было занята амаль на 84 тысячы чалавек менш. Да таго ж эксперты адзначаюць, што ўзровень занятасці насельніцтва ў Беларусі знізіўся да самай нізкай за апошнія 12 гадоў адзнакі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае