Ці талерантныя беларусы?
16 лістапада свет адзначае Міжнародны дзень талерантнасці. Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый заснавала Міжнародны дзень талерантнасці ў 1995 годзе з мэтаю пашырэння ў свеце ідэй цярпімасці і паразумення, культурнай і гістарычнай разнастайнасці народаў.
Жыхары Бярозы лічаць беларусаў цярпімымі і нават занадта, катэгарычна абвяргаюць абыякавасць нашых грамадзян:
– Вельмі, нават занадта цярпімы народ.
– Напэўна, добра, бо ёсць такая цярпімасць.
– Можа быць і добра, можа быць і кепска. Добра тады, калі яны адзін да аднаго цярплівыя, ёсць паразуменне. А дрэнна тады, калі яны церпяць усё – што трэба і што не трэба.
Грамадскі актывіст Сяргей Аліхвер лічыць беларусаў больш абыякавымі, чым талерантнымі:
– Цяжка казаць пра беларусаў як пра талерантных людзей. Хутчэй даводзіцца казаць пра беларусаў як абыякавых людзей, якія не хочуць дабра ні сабе, ні сваім дзецям, ні людзям, якія іх акаляюць. Я, напрыклад, не магу зразумець, чаго яны хочуць ад жыцця.
Ён упэўнены, што свабодны талерантны народ не дазволіў бы ставіць 22 гады над сабою эксперыменты. Беларусь па Індэксу міралюбнасці апынулася ў гэтым годзе на 109 месцы з 158, паміж Камбоджай і Узбекістанам.
Беларускае Радыё Рацыя