І нашым, і вашым — не атрымліваецца!
Прадстаўнікі Украіны з абурэннем успрынялі факт, што Беларусь у ААН спрабавала блакаваць прыняцце рэзалюцыі аб парушэнні правоў чалавека у Крыме. Украінскі прадстаўнік у ААН – Уладзімір Ельчанка заявіў, што Кіеў павінен перагледзець свае адносіны з афіцыйным Менскам на міждзяржаўным узроўні за тое, што Беларусь заняла ў ААН яўна антыўкраінскую пазіцыю.
«Я меў вельмі шчырую размову з пастаянным прадстаўніком Беларусі у ААН і ўсё яму выказаў. Аднак, я не пачуў ніякіх аргументаў, якія б мне выяснілі прычыну такой пазіцыі Беларусі. На жаль, гэта антыўкраінская пазіцыя і я пра гэта магу сказаць адкрыта», — заявіў Уладзімір Ельчанка. Па яго словах, «Украіна не можа мірыцца з тым, што яе найбліжэйшыя суседзі адкрыта выступаюць супраць яе ў ААН. Гэта прымушае нас перагледзець адносіны з афіцыйным Менскам на міждзяржаўным узроўні». Віцэ-спікер Вярхоўнай Рады Украіны, прадстаўніца Кіева ў кантактнай групе па Данбасе – Ірына Герашчанка назвала пазіцыю Беларусі ў ААН «нажом у спіну». «Мы дзякуем беларускаму боку за незалежную пляцоўку у Менску, мы гэтым даражым. Аднак, незалежная пляцоўка павінна быць незалежнай ва ўсіх пытаннях, а не ангажаванай гульнёй у адзін бок. Мы звяртаемся да Беларусі з просьбай гэтак жа паважаць права Украіны адстойваць нашу незалежнасць і наш суверэнітэт і разумець, што наступным будзе Менск, калі сёння Кіеў не абароніць сваёй незалежнасці», — заявіла Ірына Герашчанка з трыбуны парламента Украіны.
Чым Беларусь у асобе свайго прадстаўніка у ААН Валерыя Варанецкага гэтак угнявіла Украіну? Справа ў рэзалюцыі з асуджэннем парушэнняў правоў чалавека ў акупаванай Расеяй Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і Сэвастопалі.
У аўторак 15 лістапада Трэці камітэт Генеральнай Асамблеі ААН ухваліў такую рэзалюцыю. Яе аўтарам была Украіна, якую падтрымала 41 краіна. Беларусь спрабавала заблакаваць рэзалюцыю з працэдурных прычынаў. Але яе прапанову падтрымалі толькі 32 дэлегацыі, 101 — галасавала супраць. У выніку за рэзалюцыю, у якой даецца крытычная ацэнка правоў чалавека ў Крыме, а Расея упершыню на такім узроўні называецца дзяржавай-акупантам, прагаласавалі 73 дэлегацыі, супраць — 23, а яшчэ 76 устрымаліся. У ліку тых, хто быў супраць: Расея, Беларусь, Казахстан, Арменія, Віетнам, Венесуэла, Інданезія, Індыя, Ірак, Іран, Кітай, Куба, Кыргызстан, Лаос, М’янма, Паўночная Карэя, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Узбекістан і шэраг краінаў Афрыкі. Упершыню у дакументах ААН Крым і Севастопаль названыя акупаванымі тэрыторыямі. У рэзалюцыі пацвярджаецца тэрытарыяльная цэласнасць Украіны і непрызнанне анексіі ўкраінскага паўвостраву. Дакумент заклікае Расею дапусціць у Крым назіральную місію ААН. У снежні пройдзе галасаванне над рэзалюцыяй на пленарным паседжанні Генеральнай Асамблеі ААН. Затое расейскі прадстаўнік у ААН заявіў, што прынятая рэзалюцыя не мае нічога супольнага з рэальнай сітуацыяй у Крыме і не адлюстроўвае меркавання жыхароў паўвострава.
Ці рэзалюцыя мае нейкае практычнае значэнне? Невялікае, акрамя таго, што Лукашэнка паказаў сябе несамастойным, запужаным, залежным ад Масквы. Прафесар паліталогіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань лічыць, што пазіцыя Беларусі на практыцы мала што змяняе. «Цеплыні у двухбаковых адносінах не будзе, але усё роўна застаецца нейкая прагматыка. Нам усё адно трэба вырашаць пытанні памежнага супрацоўніцтва, эканамічныя пытанні». Праўдападобна у Кіеве разумеюць, што Лукашэнка вымушаны балансаваць паміж Усходам і Захадам, паміж Украінай-Эўропай і Расеяй. Ён хоча быць добры і «вашыім і нашым», але у выпадку вось такога галасавання ён вымушаны дэманстраваць свае саюзніцкія адносіны з Расеяй. На міжчалавечым узроўні гэта пазіцыя вартая пагарды, але у палітыцы —цалкам нармальная з’ява.