Скаргу актывіста – падтрымалі ў судзе
У Хойніках, што на Гомельшчыне, раённы суд падтрымаў скаргу сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі на выканаўчы камітэт. Суддзя палічыў абгрунтаванымі прэтэнзіі Аляксандра Процкі да мясцовых уладаў, якія забаранілі правядзенне пікету салідарнасці з Украінай.
Паводле намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова, такое рашэнне суда можна толькі вітаць:
– Рашэнне Хойніцкага суда – гэта менавіта тое рашэнне, якое павінны выносіць беларускія суды. Рашэнне вынесенае на падставе закону, а не па загадзе зверху. У дадзены выпадку суддзя зрабіў так, як павінен рабіць кожны беларускі суддзя, калі разглядае такія справы.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка мяркуе, што неўзабаве суддзя будзе змушаны пераглядзець сваё рашэнне:
– Я зацікавіўся прозьвішчам гэтага суддзі – Кардаш Андрэй, паглядзеў, а гэта малады хлапец, якога ў ліпені бягучага году толькі Лукашэнка сваім Указам прызначыў на пасаду суддзі. Відаць, хлопец прыйшоў са студэнцкай лавы, апрануў судзейскую мантыю і адчуў сябе юрыстам. На жаль, мне здаецца, яго зламаюць.
Яшчэ ў ліпені прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Гомельшчыны падалі больш за 30 заявак на правядзенне пікетаў салідарнасці з Украінай. Але ў самым абласным цэнтры, і ва ўсіх раёнах, заяўкі былі адхіленыя. Судовае абскарджанне прынесла плён толькі ў Хойніках.
Беларускае Радыё Рацыя