Лукашэнка: Галоўны омбудсмен у Беларусі — гэта прэзідэнт



Аляксандр Лукашэнка лічыць сябе галоўным абаронцам правоў чалавека ў Беларусі. Пра гэта ён заявіў 17 лістапада ў Менску на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расейскіх рэгіянальных СМІ.

На думку Лукашэнкі, беларусы трохі распешчаныя. „Скажу шчыра, мы сваіх людзей распесцілі крыху. Таму што, ну, народны прэзідэнт… Хто мяне падтрымліваў? Простыя людзі перш за ўсё. І я вельмі ім быў абавязаны і абараняў, засцерагаў, каб толькі ніхто не пакрыўдзіў”, — растлумачыў ён.

„Мяне папракалі, там… Якія правы чалавека? Галоўны омбудсмен (мацернае гэта слова) — гэта прэзідэнт. Я нікому ніколі не дазволю несправядліва паступіць з чалавекам. Для нас гэта галоўны прыярытэт для ўсёй вертыкалі ўлады”, — запэўніў Лукашэнка.

„Так, бывае. Усё ж такі дзесяць мільёнаў чалавек, і кожны год тут перамяшчаецца да трох мільёнаў чалавек і гасцей. Вядома, дзе-небудзь што-небудзь бывае. Паверце, нам няпроста бывае ўтрымліваць, як вы кажаце, ціхую, спакойную Беларусь і іншае. Захаваць гэты астравок ціхім і спакойным — гэта нямала каштуе, таму павінен быць парадак і дысцыпліна”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by