„Зубры” узялі рэванш у расейскага „Віцязя”
Пасля працяглай серыі няўдалых матчаў у чэмпіянаце Кантынентальнай Хакейнай Лігі менскае „Дынама” урэшце парадавала сваіх заўзятараў. У падмаскоўным Падольску ў вельмі прынцыповым паядынку „зубры” адолелі падмаскоўны „Віцязь” – свайго непасрэднага канкурэнта за месца „пад сонцам”. У папярэдняй сустрэчы гэтых клубаў дынамаўцаў напаткала жорсткае фіяска з рэдкім лікам – 6:9. Справай гонару было ўзяць цяпер рэванш.
У першым перыядзе „бела-блакітныя” двойчы ўдала рэалізавалі колькасную бальшыню: на 4-й хвіліне вызначыўся Сяргей Касціцын, а на 13-й – Мэт Элісан. Другі перыяд закінутых шайбаў не прынёс. У трэцім жа каманда з Беларусі зноў пакарала супернікаў за фол, скарыстаўшыся выдаленнем у чужым стане – гол запісаў на свой рахунак Яўген Кавыршын. Выніковыя 3:0 на карысць „Дынама”. Брамнік „зуброў” Бен Скрывенс запісаў у свой актыў 5-ы сухі матч у сезоне. Перамогу азмрочыла ў канцы гульні траўма Сяргея Касціцына, які пакінуў пляцоўку на насілках.
Такім чынам менскае „Дынама” набрала пасля 30 гульняў 46 ачкоў і перамясцілася на 7-е месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, зноў вярнуўшыся ў зону плэй-оф.
Беларускае Радыё Рацыя