У Берасці дыскутавалі на тэму бежанцаў



“Стратэгія аказання дапамогі шукальнікам прытулку. Чачэнцы” – круглы стол пад такой назвай прайшоў у Берасці. Сустрэча прызначалася для жыхароў горада, праваабаронцаў і грамадскіх дзеячаў з мэтай, сугучнай назве мерапрыемства. Падрабязней кажа юрыст і спецыяліст у галіне міграцыйнага права Сяргей Магонаў:

– Абмяркоўваліся пытанні міжнароднага руху мігрантаў з Беларусі ў краіны Еўропы. У асноўным гэта грамадзяне Расейскай Федэрацыі, рэгіён Паўночнага Каўказу, Чачэнская Рэспубліка, Дагестан, Інгушэтыя. І сутнасць пытанняў у тым, што зазвычай гэтыя людзі едуць як шукальнікі прытулку за мяжу. Абмяркоўваліся праблемы, якія ўзнікаюць у іх у звязку з гэтым.

У грамадскай думцы Беларусі і краін Еўразвязу ёсць і іншыя меркаванні датычна дапамогі мігрантаў. Пэўная колькасць насельніцтва гэтых краін з розных прычын не падтрымлівае, а часам і варожа ставіцца да мігрантаў. Кажа Кацярына Слядзеўская – валанцёрка нямецкай арганізацыі “Kultur und initiativenhaus”, якая ў тым ліку займаецца пытаннямі бежанцаў:

– Для мяне пакуль што гэта стэрэатыпы, бо асабіста я з чымсьці такім не сутыкалася. Я ведаю, што ў кожнай краіне, у кожным народзе ёсць такія людзі, якія чыняць злачынствы. Ёсць і сярод беларусаў, расейцаў, украінцаў, палякаў, немцаў – у кожнай краіне знойдуцца такія людзі. Праблема ў тым, што цяпер тэма бежанства добра прадаецца.

Сустрэча ў асноўнай ступені насіла інфармацыйны, а не практычны характар. Мэта – нагадаць грамадскасці пра існаванне праблемы мігрантаў на беларуска-польскім памежжы.

[Not a valid template]

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара