Андрэй Саннікаў: Не трэба хлусіць самім сабе



Сёння госць у нашай студыі экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў.

Паводле яго, будучыя выбары 2015 году, як і сама выбарчая кампанія, пройдуць пад поўным кантролем улады.

Не спадзяецца палітык таксама і на вулічныя акцыі, але тое, што адбываецца ва Украіне, можа, на яго думку, рэальна паўплываць на будучыню Беларусі. Андрэй Саннікаў упэўнены ў сіле Еўропы і ЗША, падтрымка, якіх для Украіны з’яўляецца гарантыяй выхаду з крызісу.

 Андрэй Саннікаў: Мы перамагалі ў 2010 годзе, і фактычна ўлада магла бы змяніцца, калі былі бы хоць крышку празрыстыя выбары і падлік галасоў. Але тое, што ў Беларусі дыктатура і такая жорсткая дыктатура гэта выключае ўвогуле магчымасць таго, што ўлады будуць праводзіць гэтыя празрыстыя выбары. Таму мы бачым: па рознаму як у гісторыі адбываюцца змены. Тое, што яны адбудуцца ў Беларусі, я ўпэўнены. Калі? Можа быць у гэтым годзе. Можа праз пару гадоў. Але хутка.

РР: На наступных выбарах, як Вы лічыце, які сцэнар дзейнасці апазіцыі самы лепшы? Байкот выбараў, як некаторыя прапануюць? Ці ўсё такі ўдзел у выбарах?

Андрэй Саннікаў: Я магу сказаць упэўнена, які сцэнар будзе ажыццяўляць улада. Гэта сцэнар поўнага кантролю ўсяго выбарчага працэсу і кандыдатаў. Улада напалохалася ў 2010 годзе, калі не змагла цалкам кантраляваць працэс выбараў. І людзі далучыліся можа быць упершыню за перыяд дыктатуры. Што тычыцца пытання, што рабіць? Мясцовыя выбары паказалі, што людзі не хочуць хадзіць на выбары.

РР: Але ці лічыце Вы, што выбары, гэта шанец да таго, каб дайсці да выбаршчыка? Каб данесці нейкую інфармацыю?

Андрэй Саннікаў: Гэтым разам усё будзе кантралявацца.

РР: Я буду ўпартым у гэтай тэме, выбары – гэта дзень пік, калі нават не шмат народу хоча ў іх удзельнічаць. Людзі таксама чакаюць лідараў.

 Андрэй Саннікаў: Вы бачыце, што ў Беларусі нават апазіцыйныя палітыкі кажуць, што “Плошчы не будзе”. Людзі напалоханыя, гэта паказчык жорсткасці рэжыму. Сапраўды, заклікаць зараз на Плошчу ніхто не разыкуе. Але можна нехта робіць гэта і наўмысна, каб сказаць што Плошча – гэта не той сцэнар для Беларусі. Гэта той сцэнар, бо калі няма ніякіх каналаў інфармацыі. Калі няма ніякіх каналаў камунікацый грамадства і рэжыму, то Плошча і вуліца – гэта адзінае, што застаецца. Па-другое, не будзе ніякіх выбараў, бо не будзе зменаў у выбарчых камісіях і спадзявацца на нейкі падлік галасоў, не выпадае. Можна зараз праводзіць кампанію “За сумленныя выбары без Лукашэнкі”, бо тое, што ён парушае заканадаўства і Канстытуцыю, то выбары могуць адбыцца без Лукашэнкі. Рэжым адмаўляе Беларусі ў нацыянальнай ідэнтычнасці. Пытанне ў тым, што сама дзяржава зараз пад пагрозай. І выратаваць дзяржаву могуць толькі дэмакратычныя змены Беларусі

РР: Але хто гэта будзе рабіць? Патрэбныя заўсёды ў грамадстве лідары? Прынамсі, нейкія арганізацыі.

Андрэй Саннікаў: Для мяне 2010 год з’яўляўся арыенцірам. І калі пачалі актыўна дзейнічаць, нават канкураваць паміж сабой, з’явіліся ідэі і з’явілася актывізацыя ўвогуле. Ідзе такая дзіўная спрэчка, што павінен быць Адзін, каб яму даверыць наш лёс. Потым гэты адзін атрымліваецца не тым адным, на якога спадзяваліся. Справа ў тым, што не трэба хлусіць самому сабе, казаць: “А можа я пражыву і пры гэтым рэжыме! Можа я неяк уладкуюся, можа я неяк аналітыку іншую буду рабіць, казаць што Лукашэнка абараняе інтарэсы дзяржавы”. Не абараняе ён інтарэсы дзяржавы. Ён абараняе інтарэсы рэжыму. І дзеля гэтага ён пойдзе на ўсё, нават на здачу Незалежнасці, каб абараніць рэжым.

 РР: Зараз мы пагаворым пра міжнародную палітыку. Бачыце, што адбываецца ва Украіне… Што робіць Захад? Чаго можа спадзявацца Беларусь ад еўрапейскіх палітыкаў?

Андрэй Саннікаў: Я спадзяюся і мы ўсе спадзяемся, што будзе больш моцная падтрымка Еўропы, Злучаных Штатаў Украіне. Усе мы павінны захаваць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Мы змагаемся за тыя каштоўнасці, на якіх пабудаваная Еўропа. І калі гэты каштоўнасці будуць падтрыманыя ва Украіне. Калі Україна здолее вытрываць, і калі яна сапраўды атрымае тую падтрымку, якую яна павінна, то гэта і ёсць будучыня для Беларусі.

Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Гутарыў Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя