Эканоміку чакае стагнацыя
Эканаміст і былы кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка прагназуе перспектывы для беларускай эканамічнай мадэлі.
Пакуль улады стараюцца маляваць аптымістычныя перспектывы развіцця айчыннай эканомікі, многія аналітыкі робяць песімістычныя прагнозы.
Віктар Цярэшчанка: Беларускую эканоміку чакае працяг стагнацыі, падзенне аб’ёмаў вытворчасці, рэальных прыбыткаў насельніцтва, змяншэнне сацыяльных праграм і, на жаль, рост беспрацоўя і міграцыя людзей за мяжу ў пошуках працы.
РР: Ці дапаможа выйсці з крызіса крэдыт Міжнароднага валютнага фонда, калі яго ўсё-такі дадуць?
Віктар Цярэшчанка: У нас доўг – амаль 85 адсоткаў ад УВП. Дык які яшчэ крэдыт мы хочам? Я таксама магу пазычыць у вас 100 даляраў, але ж аддаць іх трэба. І не проста аддаць, а яшчэ і адсоткі “нарастуць”. А адсоткі трэба зарабіць, а не праядаць грошы. А мы з’ядаем крэдыт, забяспечваючы нейкую стабільнасць, а потым вымушаны скрэсці па сусеках, уводзіць новыя падаткі, каб аддаць тое, што ўзялі. Мы ж па-ранейшаму знаходзімся ў лідарах па падзенні рэальных прыбыткаў, падвышэнні коштаў… І я не ведаю, чаму так робіцца і хто даводзіць вышэйшаму кіраўніцтву, што менавіта так трэба рабіць і надалей.
РР: Але ж Лукашэнка сказаў, што людзі не гатовы да рэформаў…
Віктар Цярэшчанка: Мяне не цікавіць нечае меркаванне, бо я бачу, як жыве мой сусед, як жыве прадпрымальнік і якія кошты ў крамах. І калі нехта лётае ў аблоках, то я б параіў апусціцца на зямлю. Яны кажуць – мы не гатовы на рэформы. На якія рэформы? Іх жа трэба абмяркоўваць. Атрымліваецца, што ўрад робіць нейкія правільныя заявы, але на справе – нуль. Можна абяцаць, напрыклад, сярэдні заробак у 500 даляраў, але ж ужо абяцалі і тысячу даляраў у месяц. Дзе яны? Нехта зараз бачыць дарожную мапу аж да 2030 года. Поўная лухта! Ніхто не ведае, што заўтра будзе, а яны ўжо на 15 гадоў наперад заглядваюць. І як яны зробяць заробак у 500 даляраў, калі ўсе прадпрыемствы сёння закрэдытаваныя і павінны столькі плаціць банкам, што на заробкі наогул нічога не застаецца? Усё гэта адбіваецца на сабекошце прадукцыі, таму гандлюем па многіх пазіцыях дэмпінгавымі цэнамі. Сёння халадзільнік у Смаленску таннейшы, чым у Менску амаль на 20 адсоткаў. Вось такая простая арыфметыка, такія поспехі ўлады ў эканоміцы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя