Генадзь Фядыніч: У Беларусі можа з’явіцца Партыя пенсіянераў
Старшыня прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч тлумачыць, чаму ў Польшчы пенсійны ўзрост зніжаюць, а ў Беларусі ён падвышаецца.
Як стала вядома, польскі Сейм днямі прагаласаваў за зніжэнне пенсійнага ўзросту з 67 гадоў да 65-ці — для мужчын і 60 — для жанчын.
Тым часам, у Беларусі прадугледжваецца паэтапнае павышэнне агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту штогод на 6 месяцаў да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамi — 58 гадоў. Дакумент набывае моц 1 студзеня 2017 года.
Генадзь Фядыніч: На мой погляд, у Польшчы зніжэнне пенсійнага ўзросту наўпрост звязана са станам нацыянальнай эканомікі. Калі ў дзяржавы ёсць грошы, то яна можа сабе дазволіць і знізіць гэты ўзрост. Польшча заўсёды падавала для нас добры прыклад, як трэба рабіць эканоміку, як трэба працаваць. А ў Беларусі зараз склалася такая сітуацыя, што праблематычна і гэтыя пенсіі выплаціць, бо ідзе заняпад эканомікі. Хаця мы бачым, што беларусы спакойна праглынулі падвышэнне пенсійнага ўзросту.
РР: Але яно будзе паэтапным…
Генадзь Фядыніч: Пры выпрацоўцы сістэмы вызначэння пенсійнага ўзросту неабходна гнуткая сістэма. І справядлівая. Напрыклад, чаму чалавек, які выйшаў на пенсію, павінен нешта плаціць дзяржаве, калі захоча яшчэ і працаваць? І я вам шчыра скажу, што ўжо шмат незадаволеных людзей заяўляюць, што ў краіне неабходна стварыць пенсіянераў.
РР: Гэта сур’ёзна?
Генадзь Фядыніч: Безумоўна, размовы пра стварэнне такой партыі ідуць ужо каля паўгода. Праўда, невядома, у што пераўтворыцца гэтая ініцыятыва.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя