Дашкевіч супраць АМАПу: ці будзе працяг?
Ці адбудзецца суд па заяве Змітра Дашкевіча на амапаўцаў?
Нагадаем, падчас аткрыцця помніка Леніну ля Менскага трактарнага заводу лідар „Маладога Фронту” быў затрыманы і збіты амапаўцамі. Медыкі зафіксавалі на целе актывіста сляды збіцця. Суд па справе, заведзенай амапаўцамі супраць актывіста, ужо адбыўся. Заява Дашкевіча пакуль застаецца без адказу:
– Яны яшчэ не далі адказу на мае скаргі і заявы. У мяне няма гэтай недарэчнай ілюзіі, што „адзін злачынца пакарае іншага злачынцу за ягонае злачынства”. Усё гэта для будучыні. Фотаздымкі гэтых вычварэнцаў і садыстаў сёння друкуюцца на сайтах, і я бачыў на судзе, што яны ўжо і самі не радыя, што так зрабілі. Самае галоўнае – зрабіць так, каб такое не паўтаралася з іншымі людзьмі.
16-га лістапада суд Партызанскага раёну Менска прысудзіў Дашкевічу штрафы ў 10 базавых велічыняў за „непадпарадкаваньне міліцыі” і 45 базавых за „ўдзел у несанкцыянаванай акцыі”. Супрацоўнікі АМАПу заяўлялі на судзе, што не збівалі Дашкевіча, а ратавалі яму жыццё.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя