Аляксандр Краўцэвіч: Скарына яшчэ не забранзавеў!
Фрацішак Скарына і традыцыя беларускай асветы. У Варшаўскім універсітэце адбываецца канферэнцыя, прысвечаная нашаму вялікаму земляку.
Мерапрыемства прымеркавана да святкавання першага года дзейнасці Цэнтра Беларускіх Студыяў. Гаворыць дырэктар установы Аляксандр Краўцэвіч:
– Гэтая асоба хіба нумар адзін у беларускай гісторыі. Па-першае. Па-другое, у 2017 годзе маем аграмаднейшы юбілей – 500 гадоў з дня выдання першай беларускай друкаванай кнігі Францішкам Скарынам. І менавіта дзеля гэтага канферэнцыя так і названая – “Францішак Скарына і традыцыя беларускай асветы”. Як яго традыцыя шануецца ў Беларусі дасёння.
На канферэнцыі таксама ўзгадалі, што сёлета ў ватыканскіх архівах Алесь Жлутка знайшоў звесткі аб тым, што Францішак Скарына быў сакратаром дацкага караля і мог удзельнічаць у перамовах з Масквой наконт рэлігійнай уніі з Рымам.
– Тут яшчэ нюанс, трэба абгаворваць дэталі, таму што спадар Жлутка кажа, што там ёсць шмат ускосных момантаў. Але, натуральна, мне гэта вельмі цешыць, што нават архівальная спадчына, якая непасрэдна датычыць біяграфіі Скарыны, яшчэ не ўся вывучаная. Наш герой яшчэ не забранзавеў. Яшчэ ёсць поле, каб яго вывучаць – як чалавека, як дыпламата, як навукоўца. Гэта выдатная навіна.
Удзельнікі канферэнцыі адзначылі, што новыя даследаванні могуць прынесці нам новыя цікавыя адкрыцці пра жыццё і дзейнасць вялікага беларуса.
[Not a valid template]
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара