Каб інвалідам па зроку дапамагчы атрымліваць адукацыю



Інфармацыйны цэнтр ды інтэрнэт-радыё “Беларускага таварыства інвалідаў па зроку” – ужо працуюць. Магчымасці праекту гарадзенскім інвалідам паказалі менеджары праекта, якія наведалі горад над Нёманам. Сярод гэтых магчымасцяў – дармовыя паслугі ў канвертацыі тэкстаў на рэльефна-кропкавы шрыфт Брайля, тактыльную графіку, аўдыёформатаванне тэксту, а таксама інтэрнэт-радыё для невідучых.

Праект пакуль разлічаны на адзін год, – кажа менеджар Інфармацыйнага цэнтру Міхаіл Антоненка:

– Інвалід па зроку, паступіўшы ў ВНУ, або ў сярэдне-спецыяльную навучальную ўстанову, за выключэннем Гарадзенскага аддзялення масажыстаў, дзе ўжо шмат маецца літаратуры, хаця таксама недастаткова, сутыкаюцца з праблемай адсутнасці метадычных матэрыялаў, падручнікаў, іншай інфармацыі, якая патрэбна для якаснага выканання навучальнага плана студэнта, і адпаведна для атрымання якаснай адукацыі. Яму патрэбная дапамога або блізкіх, або сяброў.

Інваліды па зроку маюць невялікія магчымасці для атрымання вышэйшай адукацыі. Сёлета ў Беларусі навучаеццца ўсяго 30 такіх студэнтаў, пры тым, што ўсяго па краіне невідушчых маладых людзей – каля 16-ці тысяч.

Сярод асноўных праблемаў – адсутнасць бібліятэк з выкарыстаннем шрыфта Брайля ва ўсіх ВНУ краіны.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя