У Гародні прэзентавалі „Гісторыю сярэднявечнай Эўропы V-XV стст”
Прэзентацыя кніжкі „Гісторыя сярэднявечнай Эўропы V-XV стагоддзяў” прайшла ў гарадзенскім „Цэнтры гарадскога жыцця”. Яе аўтар вядомы гісторык, археолаг Алег Трусаў.
З ім у Гародню прыехалі Валянцін Голубеў і Павал Церашковіч, якія таксама прывезлі свае гістарычныя і геаграфічныя кніжкі. Што яднае гэтыя кніжкі, апроч іх малога накладу? Адказвае дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас, які мадэраваў сустрэчу з гарадзенцамі:
– Гэтыя падручнікі, перадусім, ствараюцца для вучняў нашага Беларускага гуманітарнага ліцэю. Гэта вельмі прывілеяваная катэгорыя маладых людзей. Я ім даўно і моцна зайздрошчу. Мець такіх выкладчыкаў і такія ўнікальныя выданні, па якіх яны вучацца, – гэта такі шанец, які далёка ні ўсім выпадае. Гэта дае свае і вынікі.
Падчас выступаў аўтараў была магчымасьць падыскутаваць. Напрыклад, у выступе Алега Трусава закраналася тэма экспансіі Тэўтонскага ордэна. Гарадзенцам былі прэзэнтаваны ажно тры кнігі: „Гісторыя сярэднявечнай Еўропы” – беларускі погляд Алега Трусава, „Найноўшая гісторыя Беларусі ад 1945 да нашых часоў” Валянціна Голубева, а таксама, яшчэ макет новага падручніка – „Геаграфія Польшчы для беларусаў” Паўла Церашковіча.
Як паабяцаў Уладзімер Колас кніжкі павінны з’явіцца ў электронным варыянце, троху пазьней на сайце nastaunik.info.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара
* * *
Алег Трусаў і Валянцін Голубеў прадставяць сёння ў Гародні шэраг кніжных навінак, у тым ліку «Гісторыю сярэднявечнай Еўропы». Кніга з’яўляецца першай спробай паказаць падзеі еўрапейскай гісторыі з беларускіх пазіцый – піша суполка uCentry.
Сустрэча са старшынём Таварыства беларускай мовы Алегам Трусавым і гісторыкам, аўтарам Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі Валянцінам Голубевым адбудзецца ў Цэнтры гарадскога жыцця #uCentry па адрасе: Савецкая, 3 у Гародні. Пачатак мерапрыемства а 12-й гадзіне. Арганізатары запрашаюць на сустрэчу з выбітнымі знаўцамі беларускай і еўрапейскай гісторыі ўсіх ахвочых.