Віцябляне хочуць назваць вуліцы імёнамі Язэпа Барадзюлі і Браніслава Туронка
Імёны ксяндза Язэпа Барадзюлі і беларускага грамадскага дзеяча Браніслава Туронка заслугоўваюць таго, каб імі назвалі вуліцы ў Віцебску, да якога яны мелі непасрэднае дачыненне. Пра гэта ў кантэксце будучага 100-гадовага юбілею партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя размаўлялі ў Віцебску.
Язэп Барадзюля прайшоў 25 гадоў сталінскіх лагераў, але не зламаўся і нёс беларушчыну вернікам, а Браніслаў Туронак падчас польскай улады над Заходняй Беларуссю адкрыў на Браслаўшчыне 15 школаў з навучаннем дзетак на роднай беларускай мове. Жыхары Віцебска пачнуць збіраць подпісы за перайменаванне вуліц горада ў гонар тых, хто нават пры сталінскім рэжыме захаваў Бога і беларушчыну ў сабе і дапамагаў іншым, – адзначае каардынатарка БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.
– Людзі ахвяравалі сваімі жыццямі дзеля іншых, і зараз зрабіць так, каб яны былі забытыя і не было ім вечнай памяці – гэта нядобра. І, канешне, мы будзем праводзіць сустрэчы, вечарыны, будзе збор подпісаў за перайменаванне вуліц, каб узгадаць тых, хто меў непасрэднае дачыненне да Віцебска.
Тым часам прадстаўнікі БХД запланавалі яшчэ шэраг сустрэч у іншых гарадах Беларусі, візіт у кожны горад унікальны – “хадэкі” распавядаюць мясцовым жыхарам найперш пра тых, хто меў дачыненне да іх мясцінаў і зрабіў вялікі ўнёсак у развіццё Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
[Not a valid template]
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
Фота аўтара