Польшча абмежавала ўезд з поўным бакам
Мытная служба Польшчы ўводзіць новыя правілы ўвозу паліва на тэрыторыю Еўразвяза. Па паведамленні польскага боку, з 14 лістапада узмоцнены кантроль у дачыненні паліва, што ўвозіцца на тэрыторыю Еўрапейскага звяза ў баках легкавых аўтамабіляў, паведамляецца на сайце Берасцейскай мытні. Кантроль будзе ажыццяўляцца наступным чынам: уезд у Польшчу транспартных сродкаў з поўнымі бакамі, прадугледжанымі заводам-вытворцам, будзе магчымы бяспошлінна адзін раз у 3 сутак. Калі ўезд будзе ажыццяўляцца часцей, то норма бяспошліннага ўвозу не можа перавышаць 20 літраў паліва. Калі ліміт будзе перавышаны, грамадзяніну прыйдзецца заплаціць мытную пошліну, альбо транспартны сродак будзе вернуты на тэрыторыю Беларусі.
Адлік часу (сутак) для кожнага грамадзяніна будзе здзяйсняцца індывідуальна, пры гэтым суткі будуць лічыцца не каляндарныя, а з моманту папярэдняга ўезду ў Польшчу.
Цяперашні польскі ўрад у апошні час вядзе актыўную вайну з «бензавозамі». Паведамлялася, што страты польскага бюджэту ад такога «экспарту» складаюць мільярды злотых.
Беларускія ўлады ў свой час уводзілі абмежаванні на вываз паліва. Гэта здарылася пасля дэвальвацыі беларускага рубля ў 2011 годзе, каб не дапусціць вываз паліва за межы краіны, калі яго кошт у Беларусі па адносінах да валют моцна знізіўся. 1 верасня гэтыя абмежаванні былі адмененыя.
Фота tut.by