МВФ ініцыюе карэнную змену сістэмы кіравання дзяржсектарам Беларусі



Міжнародны валютны фонд прапануе карэнным чынам перагледзець сістэму кіравання сектарам дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі. Адпаведныя захады фонд прапануе беларускім уладам зрабіць ужо ў 2017 годзе.

Нагадаем, з 2 па 15 лістапада ў Беларусі працавала місія МВФ, якая вывучала пытанні дзейнасці сектара дзяржпрадпрыемстваў.

Прапановы персаналу МВФ заключаюцца ў тым, каб перадаць усе дзяржпрадпрыемствы Беларусі ад міністэрстваў і канцэрнаў пад кіраванне адзінага дзяржоргана — Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Акрамя гэтага, валютны фонд рэкамендуе распрацаваць у 2017 годзе і прыняць комплексны закон аб дзяржпрадпрыемствах, у якім будуць прапісаныя адзіныя прынцыпы кіравання дзяржсектарам.

«Выкананне рэкамендацый МВФ патрабуе глабальных зменаў. Каб распрацаваць адзіны дакумент па кіраванні сектарам дзяржпрадпрыемстваў, неабходна правесці рэвізію ўсяго заканадаўства — у нас галіны па-рознаму рэгулююцца. У тэрміны, якія акрэслівае МВФ, гэта нерэальна зрабіць», — лічыць эксперт БелаПАН у фінансавых колах, знаёмы з прапановамі фонду.

Варта адзначыць, што пытанне аб рэфармаванні дзяржпрадпрыемстваў з’яўляецца сёння ключавым спрэчным пытаннем у перамовах беларускіх уладаў з МВФ аб заключэнні новай крэдытнай праграмы.

Паводле інфармацыі БелаПАН, у кастрычніку персанал МВФ у Вашынгтоне паведаміў беларускаму боку пра тое, што ў выпадку ўрэгулявання спрэчных момантаў пытанне пачатку новай крэдытнай праграмы з Беларуссю можа быць разгледжанае выканаўчым саветам дырэктараў фонду ў снежні 2016-га або студзені 2017 года.

«Разгляд гэтага пытання залежыць ад таго, калі будуць завершаныя перамовы па новай праграме», — растлумачыў БелаПАН эксперт у фінансавых колах.

Між тым беларускія эканамісты лічаць, што да канца гэтага года новая крэдытная праграма Беларусі з МВФ заключаная не будзе.

«Сігналаў на карысць таго, што існуе палітычная воля выконваць рэкамендацыі МВФ і рэфармаваць сістэму кіравання дзяржсектарам, пакуль не з’явілася. На існай сістэме кіравання дзяржсектарам пабудаваная цяперашняя эканамічная мадэль, і мяняць яе сёння гатоўнасці няма», — мяркуе навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Пры гэтым эксперт лічыць, што ў 2017 годзе ступень здольнасці дамаўляцца ў беларускага боку можа ўзрасці. «Калі плацяжы па дзярждоўгу будуць прыводзіць да значнага змяншэння золатавалютных рэзерваў, пазіцыя Беларусі ў перамовах з валютным фондам можа змяніцца, і гатоўнасць прыняць умовы крэдытора можа быць вышэйшай», — адзначыў у размове з карэспандэнтам Крук.

Назіральнікі чакаюць, што беларускі бок будзе шукаць эканамічную дапамогу ў Расеі, якая ў адрозненне ад МВФ разглядае пытанне выдзялення грошай Беларусі не толькі ў эканамічнай, але і ў палітычнай плоскасці.

«У Расеі набліжаецца прэзідэнцкая кампанія (выбары пройдуць у сакавіку 2018 году), і, зыходзячы з унутрыпалітычных і геапалітычных меркаванняў, расійскія ўлады акажуць эканамічную падтрымку Беларусі», — прагназуе старшы аналітык форэкс-брокера Forex Club Валерый Палхоўскі.

Калі такую падтрымку беларускі бок атрымае, лічыць ён, гатоўнасць афіцыйнага Менска прымаць ўмовы МВФ будзе мінімальнай

Як паведамлялася раней, 22 лістапада запланаваныя перамовы прэзідэнтаў Беларусі і Расеі. Падчас размовы з расійскімі журналістамі на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным плануе «ціхенька абмеркаваць і дамовіцца» па найважнейшых пытаннях двухбаковых адносін.

БелаПАН

Фота:belrynok.by