У Гомелі адкрыўся Расейскі цэнтр культуры і навукі
У Гомелі адкрыўся трэці па ліку ў Беларусі Расейскі цэнтр культуры і навукі. Гэтая структура, як вынікае з афіцыйных паведамленняў, займаецца прапагандай расейскай культуры і падтрымкай суайчыннікаў за мяжой. На адкрыцці ўстановы прысутнічала кіраўніцтва Гомельскай вобласці.
Дэмакратычны палітык Уладзімір Кацора не супраць адкрыцця цэнтраў нацыянальных меншасцяў, але ставіцца да з’яўлення рускага дома ў Гомелі насцярожана пасля ўкраінскіх падзеяў.
– Тое, што тут ёсць расейскія ці ўкраінскія цэнтры, гэта нармальна пры нармальных умовах. Але досьвед таго, што мы маем апошнія два-тры гады па Украіне, прымушае нас задумацца. А як вядома, у Крыме ўсё пачыналася таксама з адкрыцця такіх цэнтраў.
Грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак мяркуе, што ідэалогія „Рускага міра” страціла прывабнасць для жыхароў Беларусі.
– Беларусы ўсё ж не так прыязна ставяцца да самой ідэі аншлюса, як крымскія жыхары, і тым больш яны бачаць, што адбылося пасля ўсіх гэтых падзеяў. Ужо другі год на ўсходзе Украіны ідзе вайна. Што тычыцца беларусаў, то нам, безумоўна, трэба развіваць такія ініцыятывы, якія б прасоўвалі беларускую культуру.
Расейскія дыпламаты адзначаюць, што адкрыццё Расейскага цэнтра навукі і культуры ў Гомелі прымяркоўваецца да 25-годдзя стварэння СНД і 20-годдзя падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота sputnik.by