У Гародні адкрыюць Школу сучаснай журналістыкі



У лістападзе 2016 года ў Гародні адкрыецца Школа Сучаснай Журналістыкі. Кожны ахвотны гарадзенец зможа навучыцца ў гэтай школе пісаць навіны, браць інтэрв’ю, рабіць рэпартажы, а таксама пісаць сучасныя матэрыялы з інфаграфікай.

Пра школу журналістыкі распавядае Вітаўт Руднік, старшыня Праўлення Грамадскага Аб’яднання «Цэнтар „Трэці сэктар“»

— Школа ў першую чаргу накіраваная на тое, каб людзі, якія хочуць больш ведаць пра тое, што такое журналістыка і паспрабаваць сябе ў гэтай прафесіі, мелі б такі шанц. Прынцыповых адрозненняў у гэтым сэнсе з папярэднімі журналісцкімі праектамі няма, бо гэта школа для тых, хто хоча валодаць асновамі прафесіі. Хіба што большы ўхіл будзе рабіцца менавіта на мультымедыйную журналістыку, на навучанне карыстання рознымі сервісамі, тэхнічнымі прыладамі, якія дазваляюць зрабіць працу журналіста больш мабільнай і больш  інтэрактыўнай.

Асаблівасці гэтай школы ў тым, што людзі, што будуць у ёй навучацца атрымаюць не толькі тэарэтычныя веды, але і прымуць удзел у практычных занятках — слухачы падчас навучання ў Школе праходзяць стажыроўку ў рэдакцыях гарадскіх анлайн-выданняў. Заняткі пачнуцца ў лістападзе 2016 года і будуць доўжацца да сярэдзіны лютага 2017 года.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня