Што паглядзець у Купалаўскім?



Купалаўскі тэатр – гэта заўсёды знак якасці, прыналежнасць да касты і чаканне надзвычайнага.

Купалаўскі тэатр

Фота sputnik.by

Спектаклі Купалаўскага становяцца з’явай не толькі тэатральнага, але і грамадскага жыцця – згадайма культавую пастаноўку “Тутэйшых”. Спектаклі Купалаўскага можна любіць ці ненавідзець, але ж абыякавых да пастановак амаль не бывае.

Але ж кожны тэатр немажлівы без пошукаў, эксперыментаў і абнаўлення рэпертуара.

Што можна паглядзець у Купалаўскім і чаго варта чакаць бліжэйшым часам?

Каля тэатральнай афішы размаўлялі наш карэспандэнт Марцін Война і загадчыца літаратурна-драматычнай часткі Вольга Бабкова.

Вольга Бабкова: Безумоўна, паглядзець можна і “Дзве душы” паводле Максіма Гарэцкага, і спектаклі, якія з’явяцца ў 2017 годзе… Але ж я хачу сканцэнтравацца на нашай Камернай сцэне. З’явілася яна не так даўно, і знаходзіцца на чацьвертым паверсе тэатра. Гэта не тая Малая сцэна, якая была праз дарогу ад Купалаўскага… Вялікі рэпыцыйны пакой, зроблены пад кампактную, утульную сцэну. Цяпер там ідуць тры прэм’еры. Мне вельмі і вельмі крыўдна, што на семьдзесят месцаў, якія там ёсць, прыходзіць не так багата людзей. Можа, пра тыя спектаклі мала ведаюць? Але ж пастаноўкі вартыя ўвагі. Найперш адзначу спектакль, пастаўлены вучнем Пінігіна, маладым рэжысёрам Міколам Капульцэвічам. Гэта “Антыгона” паводле французскага драматурга Жана Ануя. У 1943 годзе гэты спектакль ставіўся ў акупаваным нацыстамі Парыжы, і зрабіў неверагодны ўплыў на людзей, якія супраціўляліся ліху. І вось, на нашае сцэне Народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка ў ролі Крэонта і вытанчаная, дэлікатная Антыгона, якую граюць Дыяна Каменская ці Марта Голубева. Па-другое – “Шабаны” паводле Бахарэвіча. І трэці спектакль – “Каханне, як мілітарызм” паводле Пятра Гладзіліна, які паставіў Дзьмітрый Цішко, таксама вучань Пінігіна. Спектакль гэты вельмі нечаканы для Купалаўскага, казаць пра яго шмат не буду – лепш паглядзець самім. Але артысты граюць у “Каханні..” з вялікай ахвотай!

РР: Купалаўскі тэатр вяртаецца да практыкі пастаноўкі дзіцячых спектакляў. Але ж у Беларусі ёсць той жа Тэатр Юнага Гледача, ёсць іншыя пляцоўкі, якія спецыялізуюцца на дзіцячых спектаклях… Чаму менавіта Купалаўскі?

Вольга Бабкова: Так, пасля доўгага перапынку на нашай сцэне з’явілася казка ў фармаце баля-маскарада – “Крышталёвы туфлік”, паводле Шарля Перо. Чаму? Мэтаў тут шмат. Сапраўды, у суседнім квартале – Тэатр Юнага Гледача. Але, як па мне, чым раней мы станем далучаць дзетак да тэатральнай культуры на самым высокім узроўні, тым лепш для ўсіх. Дарэчы, узроставы дыяпазон “Крышталёвага туфліка” – “ад трох і да шаснаццаці”!

РР: Даводзілася чуць і такое меркаванне: маўляў, бацькі не надта ахвотна прыводзяць дзетак на спектаклі беларускай мовай..

Вольга Бабкова: Ну, што тут сказаць?! Няшчасныя дзеткі такіх бацькоў!..

Усяго Купалаўскі тэатра ставіць каля 280 спектакляў штогод, і большасць каторых праходзіць з аншлагамі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя