Эдварду Дмухоўскаму міліцыя даслала пратакол за ўдзел у Свіслацкай акцыі
Працягваецца пераслед удзельнікаў фэсту памяці паўстанцаў 1863 году. Гарадзенскаму грамадскаму актывісту Эдварду Дмухоўскаму міліцыя даслала адміністрацыйны пратакол.
У ім фігуруе ч. 1 арт. 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, а менавіта паводле міліцыянтаў, Эдвард Дмухоўскі нібыта парушыў усталяваны парадак, знаходзячыся на тэрыторыі горада Свіслач і ў вёсцы Якушоўка Свіслацкага раёна, удзельнічаў ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (мітынгу, вулічным шэсці), чым парушыў усталяваны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў.
Каментуючы дзеянні міліцыянтаў, Эдвард Дмухоўскі адзначыў: “Больш за 20 год у Свіслачы адзначаюць Дзень памяці паўстанцаў 1863 года. Людзі прыязджаюць з усёй краіны, каб аддаць павагу тым, хто змагаўся за незалежнасць нашай Бацькаўшчыны. За тое, што мы наведваем месцы нацыянальнай памяці, на нас складаюць пратаколы і абвінавачваюць па абсалютна надуманых прычынах. Цікава ведаць з якой нагоды ці прычыны чалавеку, каб памаліцца каля крыжа і запаліць зніч, трэба прасіць дазвол. Дарэчы, я не памятаю, каб хоць раз у гэты дзень намі было здзейснена нейкае хуліганскае дзеянне, але нас усё роўна судзілі і будуць судзіць за тое, што мы помнім сапраўдных герояў Беларусі”.
Неўзабаве Эдварда Дмухоўскага чакае суд. Нагадаем, што за удзел у сёлетнім Дні памяці паўстанцаў 1863 года быў засуджаны свіслацкі грамадскі актывіст Юры Глебік, а ў дачыненні да актывістаў з розных беларускіх гарадоў вядуцца адміністрацыйныя справы.