Лідзія Ярмошына застанецца старшынёй ЦВК
Лідзія Ярмошына застанецца на пасадзе старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў пасля 20 снежня 2016 года. Пра гэта яна паведаміла журналістам 25 лістапада паводле вынікаў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Нагадаем, тэрмін паўнамоцтваў дзейнага складу Цэнтрвыбаркама заканчваецца 20 снежня. У сувязі з гэтым Лукашэнка абмеркаваў з Ярмошынай новы кадравы склад ЦВК.
„Старшыня камісіі, як аказалася, не мяняецца”, — цытуе Ярмошыну дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама паведаміла, што на пасаду сакратара ЦВК прапанаваны выканаўца яго абавязкаў, начальнік арганізацыйна-прававога аддзела камісіі Алена Дмухайла. „Менавіта яе я буду прапаноўваць членам Цэнтральнай камісіі, калі яна будзе ўтвораная, у якасці кандыдатуры на пасаду сакратара”, — адзначыла Ярмошына.
Пасаду намесніка старшыні ЦВК традыцыйна замяшчае кіраўнік Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў. Яго дырэктарам з’яўляецца Вадзім Іпатаў. „Ён будзе выконваць гэтыя абавязкі і ў наступным скліканні Цэнтральнай камісіі”, — паведаміла Ярмошына.