У Менску пратэставалі супраць выступу Уладзіміра Салаўёва



У Менску на Кастрычніцкай плошчы некалькі дзясяткаў чалавек пратэставалі супраць прыезду ў беларускую сталіцу расейскага тэлевядучага і прапагандыста Уладзіміра Салаўёва, які праводзіў творчую сустрэчу ў Палацы Рэспублікі.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах аднаго з пратэстуючых грамадзянаў, Максіма Вінярскага, ён намаляваў і прынёс на плошчу адмысловы плакат для Салаўёва:

– Плакат з папярэджаннем, што яго чакае ў пекле Юліус Штрэйхер – прапагандыст нацысцкага рэжыму, ён быў пакараны смерцю ў Нюрнберге за тую прапаганду, якую ён здзяйсняў. Я папярэджваю, што ўсіх расейскіх прапагандыстаў, якія развязалі вайну на усходзе Украіны, якія справакавалі людзей забіваць адно аднаго, іх чакае пекла.     

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Раптам на прыступках Палацу Рэспублікі ў атачэнні аховы з’явіўся Уладзімір Салаўёў, аднак падыходзіць да пратэстуючых не стаў. Але з некаторымі журналістамі і грамадзянамі паразмаўляў у сваім вядомым стылі:

– А ўсе гэтыя людзі – гэта колькі? Давайце пройдзем унутр і паглядзім, колькі там грамадзян Беларусі. Вось паглядзіце, ну там чалавек дваццаць, палова гэтых твараў я ўжо бачыў. Гэта ўсё, што вы сёння рэкрутавалі?  Бедныя дзеці, бедныя дзеці.

Арганізатар акцыі пратэсту, лідар „Маладога Фронту” Зміцер Дашкевіч сказаў, што жадання паразмаўляць з Салаўёвым у яго не было, бо абсалютна вядома наперад, што гэты пуцінскі прапагандыст можа сказаць:

– Я не збіраўся з ім размаўляць. Пра што размаўляць? Не кідайце перлаў перад свіннямі. Вось тут частка людзей па бясплатных квітках прыходзіць, яны ў прынцыпе магчыма не ведаюць, для чаго яны сюды ідуць.

Па словах Змтра Дашкевіча, ён задаволены тым, як Салаўёва сустрэлі на плошчы. Няхай і некалькі дзясяткаў чалавек, але яны выказалі стаўленне да гэтага крамлёўскага прапагандыста ад імя вялікай колькасці людзей. Да таго ж, шмат якім наведнікам сустрэчы з Салаўёвым раздалі бяспатныя дыскі з фільмам пра гэтага прапагандыста, які зрабілі ўкраінскія журналісты.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

„Так што тое, што хацелі, мы зрабілі”, – сказаў Зміцер Дашкевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя