Андрэй Мікалаеў: На змагарах трымаецца нацыя



Творчае аб’яднанне „Жалезны воўк” (Наваполацк) ужо правяло некалькі выставаў у Польшчы: Беластоку, Бельску Падляшскім, Варшаве, а цяпер і падчас з’езду ўдзельнікаў стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага ў Сяроцку.

vystava_u-serocku

Выстава падчас з’езду ўдзельнікаў праграмы імя К. Каліноўскага ў Сяроцку (Фота Беларуская Нацыянальная Памяць)

Выстава прайшла пры падтрымцы Беларускай Нацыянальнай Памяці ў дні, калі ў Беларусі адзначаюць неафіцыйнае свята Дзень Герояў – гадавіну Слуцкага паўстання 1920 года.

vystava_u_serocku2

На карцінах мастакоў прадстаўлены ў тым ліку і вайскоўцы, якія ў розныя часы змагаліся за Беларусь. Больш падрабязна менавіта на гэтую тэматыку мы вырашылі паразмаўляць з кіраўніком творчага аб’яднання „Жалезны воўк” Андрэем Мікалаевым:

РР: Адкуль з’явілася ідэя прысвяціць частку карцін беларускім вайскоўцам?

Андрэй Мікалаеў: Ідэя з’явілася даўно – яшчэ ў мінулым стагоддзі (смяецца). Дакладней недзе напрыканцы 90-х. Уласна мне вельмі не падабаўся той вобраз беларусаў, які афішавала афіцыйная прапаганда – нейкіх „памяркоўных і талерантных” дурняў з халопскай псіхалогіяй. Ва усіх культурах чамусці ёсць свае героі-змагары – а ў беларусаў „няма”. Ці дакладней іх проста расцягнулі больш нахабныя суседзі. Вось таму і нарадзілася ідэя разбурыць гэты савецкі міф. Дарэчы для гэтага нават не трэба было нічога прыдумляць – проста ўзяць сваю гісторыю, сцерці з яе з пыл і паказаць людзям, якія пра яе забыліся. Так мы адрадзілі „Сармацкі партрэт” – партрэт узброеннага беларуса.

jazep_bulak_balacovich

„Язэп Булак-Балаховіч” (Павел Васільеў)

РР: Чаму менавіта такія асобы, як Балаховічы, Дзямідаў, Хведашчэня?

Андрэй Мікалаеў: Парацягвая папярэднюю думку – таму што пра іх мала хто ведае. Пра іх нічога няма ні ў школьнай праграме, ні ў ВНУ. І гэта дрэнна. Чаму іх трэба ведаць сучаснікам? Таму што гэтыя людзі – фактычна адныя з нас, толькі яны жылі трохі раней. Не хачу тут казаць банальную фразу, кшталту, хто не ведае сваё мінулае, у таго няма будучыні. Мне падабаецца больш брутальны варыянт: веданне гістрыі неабходна толькі людзям, а жывёлам гісторыя не патрэбна.

Андрэй Мікалаеў

Андрэй Мікалаеў падчас выставы ў „Беларускім Доме” ў Варшаве

РР: Распавядзіце пра карціну „Браты Балаховічы”?

Андрэй Мікалаеў: Тут варта заўважыць, што гэтая карціна ў экспазіцыі знаходзіцца як бы паасобку ад астатніх. Гэта не партрэт у непасрэдныя сэнсе слова, а хутчэй гратэск. Тут прысутнічае сюжэтная лінія і сімвалізм. Думка напісаць такую рэч прыйшла пад уплывам угодкаў Іераніма Босха. Калі прыглядзецца да дэталяў карціны, то можна знайсці схаваны сэнс. Напрыклад, выява двух чалавечых постацяў нагадвае афішу фільма „Чапаеў”. Але раней за яго, у 1929 годзе на „Белдзяржкіно”, была знята кінастужка „У агні народжаная” дзе ўпершыню быў паказаны реэальны вобраз Булак-Балаховіча. Які потым, як ні дзіўна, перайшоў на савецкага героя анекдотаў Чапаева.

Дык вось, на карціне ў пераносным сэнсе аб’ядноўваюцца вобразы Станіслава і Язэпа Балаховічаў, пры гэтым галоўны герой – гэта другі з братоў, а першы – трыкстэр. Гэта значыць насмешнік – напалову адмоўны персанаж. Ён паказвае ўмоўны знак левай рукой у накірунку адкуль лятуць птушкі – у Босха сівал бяды і няшчасця. Сама карціна размежавана на тры часткі, іх аб’ядноўвае падоўжаная выява мітральеза (кулямёта) – сімвала смерці. На левай палове ўстае сонца – гэта значыць надзея. Карацей у гэтай працы вельмі шмат зашыфраваных момантаў. Да таго ж карціна яшчэ не скончана, мы павезлі яе на першую выставу, калі яна яшчэ не да канца высахла.

Braty_Balachowiczy

„Браты Балаховічы” (Андрэй Мікалаеў)

РР: На карціне „Мікола Дзямідаў” прысутнічае чыгунка – гэта не выпадкова?

Андрэй Мікалаеў: Фон не выпадковы – гэта выява чыгуначнага вакзала ў Саколцы, на радзіме Дзямідава. А на рэйках бронецягнік, які падтрымліваў аддзелы балахоўцаў. Увогуле з гэтага невялікага мястэчка выйшла шмат дзеячоў беларускага нацыянальнага руху.

unnamed-2

„Мікола Дзямідаў” (Андрэй Мікалаеў)

РР: Асоба Цімоха Хведашчэні таксама мала вядомая, чым яна адметная? 

Андрэй Мікалаеў: Хведашэня – адзін з палявых камандзіраў таго часу. На такіх людзях, як быццам бы звычайных, заўсёды трымаецца нацыянальная свядомасць і ўвогуле нацыя.

Цімох Хведашчэня

„Цімох Хведашчэня” (Андрэй Мікалаеў)

РР: Што ў планах?  

Андрэй МікалаеўПланаў у нас шмат, як і тэмаў для наступных выстаў. Працягваем партрэтную серыю „BY-ART”. Ёсць ідэя пра беларускі „DYZEL-ART” – гісторыя тэхнічнага вынаходніцтва ў Беларусі. Таксама ідзе далей „Неасармацкі партрэт”, а за ім „Пост-Сарматызм”. У мастацтва няма межаў. Хто хоча нешта рабіць разам з намі – далучайцеся.

ataman_chort

„Атаман Чорт” (Андрэй Мікалаеў)

Аляксей Трубкін, Беларускае Радыё Рацыя