Як Улашчык „Каласы пад сярпом тваім” ратаваў
Аматары творчасці Уладзіміра Караткевіча адзначаюць 86 гадоў з дня яго нараджэння. Раманы пісьменніка шмат у чым супярэчылі афіцыйнай савецкай гістарычнай канцэпцыі. Пра тое, з якімі цяжкасцямі друкаваўся ў Маскве раман “Каласы пад сярпом тваім”, распавядае пісьменнік Міхась Скобла:
– Перакладчыца гэтага раману Валянціна Шчадрына ўспаміна, што першы водгук маскоўскага гісторыка быў адмоўным на гэты раман. Даслалі другому рэцэнзенту. Адмоўны водгук. Калі б быў адмоўным трэці – то на прасторы ад Камчаткі да Смаленска “Каласоў пад сярпом тваім” Караткевіча ніхто не прачытаў бы. І падказаў Іван Паўлавіч Мележ: У вас жа там у Маскве ёсць Улашчык, звярніцеся да яго. Яна звярнулася да Улашчыка і ён напісаў станоўчы водгук.
Беларускі гісторык Мікалай Улашчык быў рэпрэсаваны, дваццаць гадоў прабыў у зняволенні. Аднак, гэта не зашкодзіла яму пасля смерці Сталіна стаць адным з вядучых гісторыкаў СССР у Маскве.
Максім Каўняровіч. Беларускае Радыё Рацыя.