Што дасць Азербайджан: крэдыты ці нафту?



Пра візіт беларускага кіраўніка ў Азербайджан распавядае эксперт Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Андрэй Фёдараў.

Па выніках афіцыйнага візіту Лукашэнкі ў Баку прэзідэнцкая прэс-служба паведаміла, што “Беларусь і Азербайджан пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць у актыўным развіцці супрацоўніцтва па ўсіх накірунках адносін”.

Андрэй Фёдараў: Цяжка назваць нейкія канкрэтныя вынікі візіта, бо, напэўна, многія дэталі засталіся за кулісамі афіцыйных паведамленняў, але можна меркаваць пра тое, што хацеў бы атрымаць афіцыйны Менск ад Баку. А вельмі патрэбны беларускім уладам зараз крэдыты, бо сітуацыя ў эканоміцы з кожным днём толькі пагаршаецца. І, калі Беларусь у бліжэйшы час грошай не знойдзе, то ёсць нават пагроза дэфолту. Я думаю, падчас візіту ў Азербайджан гэтая тэма была не на апошнім месцы. Магчыма, таксама гутарка ішла і пра стабільныя нафтавыя пастаўкі, бо першая пастаўка ў Беларусь азербайджанскай нафты ўжо была. Іншая справа, наколькі гэта выгодна і рэальна ажыццявіць.

РР: Што ўзамен можа прапанаваць Азербайджану беларускі бок? Некаторыя спецыялісты кажуць, што супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы…

Андрэй Фёдараў: Наколькі вядома, ваеннае супрацоўніцтва паміж краінамі і так даволі добрае. Але, магчыма, кантакты будуць паглыбляцца, бо для Азербайджана праблема Нагорнага Карабаха нікуды не знікала, а значыцца ваенна-тэхнічная галіна яму па-ранейшаму цікава.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя