Ці патрэбен уладам рэферэндум?



Палітолаг Сяргей Нікалюк кажа, што і без рэферэндума ўлада ўжо больш за 20 гадоў добра пачувае.

Рэферэндум аб павелічэнні тэрмінаў паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і Прэзідэнта, а таксама аб пераходзе да прапарцыянальна-мажарытарнай выбарчай сістэмы ў Беларусі можа адбыцца, «калі на тое будзе воля кіраўніка дзяржавы», заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Са слоў Ярмошынай, сама прапанова ні ў чым не супярэчыць міжнароднай практыцы, і рэалізацыя ідэі правядзення рэферэндуму “ў пэўным плане магла б спрыяць стабільнасці грамадства і некаторай эканоміі выдаткаў на выбары».

Сяргей Нікалюк: Мне падаецца, што ўладам не патрэбен гэты рэферэндум. Давайце зададзімся пытаннем: навошта? У Беларусі маецца добра распрацаваная сістэма пралангацыі ўлады падчас выбараў, якая працуе бездакорна, таму навошта хваляваць публіку? Вось калі праводзілі рэферэндум, які дазваляў кіраўніку краіну ўдзельнічаць ва ўсіх далейшых выбарах, то ён быў прадказальны. А сёння навошта гэта рабіць? Кіраўнік ЛДПБ Гайдукевіч падняў гэтую тэму, дык яму ж трэба нейкім чынам паказаць сябе. Гэта ж прасцей, чым прапіярыцца на прыняцці сапраўдных законаў альбо, скажам, падчас абмеркавання сітуацыі, якая складваецца ў эканоміцы Беларусі… А тут ляпнуў – і ўжо на слыху.

РР: Але калі прымуць рашэнне аб сямігадовым прэзідэнцкім тэрміне, то ва ўлады будзе, мабыць, не так часта галава балець пра выбары і неабходнасць пры гэтым паказваць станоўчы імідж Захаду?

Сяргей Нікалюк: Калі б яны захацелі зрабіць 20-гадовы прэзідэнцкі тэрмін альбо пажыццёвы, то, паверце, прайшло б і гэта. Але наўрад ці патрэбна ўладам зараз прыцягваць увагу міжнароднай грамадскасці ў той час, калі ў эканоміцы такія праблемы і неабходна дапамога.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота photo.bymedia.net