Палата прадстаўнікоў ратыфікавала пагадненне з Польшчай аб адукацыйнай супрацы



Палата прадстаўнiкоў 29 лістапада ратыфікавала пагадненне паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб супрацы ў сферы адукацыі.

Дакумент, як паведаміў намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, быў падпісаны 20 ліпеня ў Варшаве з мэтай забеспячэння сістэмнага, шматпланавага і эфектыўнага беларуска-польскага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, а таксама законных правоў і інтарэсаў прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і польскай меншасці ў Беларусі.

Пагадненне прадугледжвае наступныя напрамкі беларуска-польскага супрацоўніцтва: падрыхтоўка кадраў на ўсіх узроўнях, ступенях, напрамках адукацыі і па спецыяльнасцях, якія ўяўляюць узаемную цікавасць; усталяванне супрацоўніцтва паміж установамі адукацыі; павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы ў Польшчы і настаўнікаў польскай мовы ў Беларусі; стварэнне ўмоў для развіцця адукацыі нацыянальных меншасцяў.

Дакумент прадугледжвае абмен педагагічнымі работнікамі, студэнтамі, аспірантамі, дактарантамі, прадстаўнікамі беларускіх і польскіх нацыянальных меншасцяў, настаўнікамі нацыянальных моў.

Таксама пагадненнем прадугледжана, што бакі ствараюць прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў умовы для вывучэння роднай мовы і навучання на роднай мове, садзейнічаюць стварэнню ўмоў для вывучэння роднай мовы нацыянальных меншасцяў у вышэйшых навучальных установах.

Паводле слоў Якжыка, праца над пагадненнем вялася на працягу шасці гадоў. Дакумент заключаецца на тры гады з магчымасцю яго аўтаматычнай пралангацыі.

БелаПАН