Мікола Дзядок: Я гатовы да месяца турмы



20 снежня былога беларускага палітвязня Мікалая Дзядка чакае суд у Вільні.

Нагадаем, 7 лістапада каля амбасады Расеі ў Літве 9 чалавек зладзілі пікет у знак падтрымкі Ільдара Дадзіна, першага асуджанага ў Расеі за неаднаразовае парушэнне парадку правядзення мітынгаў, які даслаў з калоніі ліст сваёй жонцы пра тое, што яго катуюць.

c7bcb77c-3ea9-48b5-b4e3-2a6f5f95fdc8_w987_r1_s-ror0v

Пікетоўшчыкі трымалі плакаты і расцяжкі, і ў пэўны момант прыехала паліцыя, якая пачала перашкаджаць акцыі, спасылаюся на «парушэнне заканадаўства»: занадта блізкае — каля 15 метраў — знаходжанне да плота амбасады. Паводле паліцыянтаў, удзельнікі павінны былі трымацца дыстанцыі 50 метраў. У выніку, па словах Мікалая Дзядка, які таксама браў удзел у акцыі, 20 снежня ў Вільні адбудзецца суд.

Мікола Дзядок: Па гэтым адміністрацыйным артыкуле мне пагражае штраф да 570 еўра ці да 1 месяца турмы. І, думаю, тут не абышлося без умяшальніцтва супрацоўнікаў расейскай амбасады. З іншага боку, паліцыянты пайшлі на прынцып, бо, напэўна, не прызвычаіліся, каб ім адмаўляліся падпарадкоўвацца.

РР: Справа мае пэўны рэзананс. На ваш погляд, якога прысуду можна чакаць?

Мікола Дзядок: Па вялікім рахунку, мяне павінны апраўдаць, бо закон на маім баку. І гэта відавочна ўсім: ад удзельнікаў акцыі да адваката. Таму мне невядома, якой мэты захацела дасягнуць паліцыя, калі распачынала гэтую з самага пачатку правальную справу. Але, паколькі карная сістэма — ёсць карная сістэма, яна не заўсёды падпарадкоўваецца логіцы і нават закону. Я гатовы да любога прысуду, у тым ліку, і да месяца турмы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя