Галіна Ліс адзначыла свой юбілей вечарынай у Менску



Сталічны пісьменнік, які ладзіць сустрэчу ў рэгіянальным горадзе, – гэта звыкла. А вось творчы вечар літаратара з рэгіёну ў Менску – з’ява рэдкая. У сталічным музеі Петруся Броўкі адбылася юбілейная вечарына паэткі з Баранавічаў Галіны Ліс.

Гавораць яе ганаровы госць і сябра – кампазітар Ігар Лучанок і сама паэтка:

– Музей цудоўны. Сябры побач былі, блізкія людзі. Для мяне гэта вельмі добра, цудоўна і каштоўна.

Ігар Лучанок, кампазітар: Гэтая вечарына –  даніна нашага сяброўства, нашым песням, нашай музыцы, нашай паэзіі. І я вельмі рады, што сустрэўся з людзьмі, якія ганарацца сваёй радзімай, ганарацца сябрамі, і мы чакаем новых добрых сустрэч.

Юбілейная вечарына прайшла крыху ў незвычайным фармаце. Не столькі прамаўлялі выступоўцы, колькі сама Галіна Ліс. Яна чытала вершы і нават ладзіла з аднадумцамі тэатралізаваныя прадстаўленні паводле твораў класікаў.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя.