Знешні дзяржаўны доўг Беларусі дасягнуў 13,5 млрд долараў
Дзяржаўны доўг Рэспублікі Беларусь на 1 лістапада склаў 35,5 млрд рублёў і павялічыўся ў параўнанні з пачаткам 2016 года на 2,6 млрд рублёў, або на 8%, сведчаць дадзеныя Міністэрства фінансаў. Пры гэтым знешні дзярждоўг па стане на 1 лістапада склаў 13,5 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 1 млрд 19,1 млн долараў, або на 8,2%.
Паводле дадзеных Мінфіна, у студзені—кастрычніку 2016 года прыцягнуты знешнія дзяржаўныя пазыкі на 1 млрд 613,7 млн долараў ЗША: 800 млн долараў — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; 393,2 млн долараў — урада і банкаў Расійскай Федэрацыі; 313,2 млн долараў — банкаў КНР; 105,5 млн долараў — МБРР; 1,8 млн долараў — ЕБРР і ПІБ.
На пагашэнне знешняга дзярждоўгу з пачатку 2016 года накіравана 719,2 долараў — ЗША: 264,8 млн долараў — Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця; 237,5 млн долараў — урада Расійскай Федэрацыі; 166,7 млн долараў — банкаў КНР; 49,4 млн долараў — МБРР; 0,7 млн долараў — ЗША; 0,1 млн долараў — ЕБРР і ПІБ.
Унутраны дзяржаўны доўг па стане на 1 лістапада 2016 года склаў 9,8 млрд рублёў, павялічыўшыся з пачатку года на 0,1 млрд рублёў, або на 0,5%.
За студзень-кастрычнік 2016 года размешчана ўнутраных валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1 млрд. 374,6 млн долараў ЗША і 526,9 млн рублёў. Пагашана валютных і рублёвых дзяржаўных аблігацый для юрыдычных і фізічных асоб на 1 млрд 419 млн долараў і 599,2 млн рублёў.
На думку шэрагу экспертаў, у беларускага ўрада няма іншых крыніц пагашэння даўгоў, акрамя знешніх запазычанняў. У 2017 годзе неабходна накіраваць на пагашэнне дзяржаўнага доўгу 5 млрд 232,2 млн рублёў. Пагашэнне дзяржаўнага доўгу ў замежнай валюце складзе 2 млрд 311 млн долараў ЗША.
Пры гэтым у 2017 годзе плануецца прыцягнуць 1 млрд ў 860 млн долараў ЗША (4 млрд 83,4 млн рублёў): за кошт трох траншаў крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця — 700 млн долараў, выпуску еўрааблігацый — 800 млн долараў, выпуску ўнутраных дзяржаблігацый — 360 млн долараў.
Нагадаем, за 2015 год дзяржаўны доўг Беларусі вырас на 131,1 трлн рублёў, або на 66,4%, і на 1 студзеня 2016 года склаў 328,6 трлн. рублёў. Пры гэтым знешні дзярждоўг на 1 студзеня 2016 года склаў 12,4 млрд долараў ЗША, зменшыўшыся з пачатку 2015 года на 133,9 млн долараў (з улікам курсавых розніц), або на 1,1%. Ліміт знешняга дзяржаўнага доўгу Беларусі на 2016 год устаноўлены ў 17 млрд долараў — гэта прадугледжана законам аб бюджэце. Ліміт унутранага дзяржаўнага доўгу на 2016 год устаноўлены ў 115 трлн. рублёў.
belapan.by