Невядомы ў “чорнай кепцы” шукае па суседзях грамадскага актывіста
Грамадскі актывіст Яўген Скрабутан, які зараз жыве і працуе ў Берасці, паскардзіўся на тое, што два дні запар яго шукае невядомы чалавек у цывільным. Стала вядома, што лысы мужчына ў шапцы з ягоным фатаздымкам хадзіў па суседзях дома, дзе пражывае Скрабутан, і распытваў пра актывіста. Сваю версію, хто б гэта мог быць, распавядае сам Яўген:
– Я ня ведаю, хто мяне шукае і за што, адзінае, атрымаў тэлефанаванне ад невядомага чалавека, які прадставіўся ўчастковым і запрасіў мяне азнаёміцца нібыта з пратаколам за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Той участковы сказаў, што паперы прыйшлі са Свіслачы. І я ведаю, што крыху раней зэльвенскі ўчастковы тэлефанаваў маім бацькам, таксама казаў пра Свіслач і пра справу, якая прыйшла нібыта адтуль.
“Калі ж невядомы чалавек мае дачынене да супрацы з міліцыяй, то варта было ба каб найперш для мяне склалі і выслалі позву. Трэба неяк дзейнічаць у межах заканадаўства, бо я як і ўсе хаджу на працу і не магу сарвацца па нейкім тэлефанаванні”, – патлумачыў актывіст.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце