БДІПЧ АБСЕ заклікае Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне
Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ заклікае Беларусь неадкладна ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. З такой заявай выступіў 2 снежня кіраўнік БДІПЧ Майкл Георг Лінк.
Ён адзначыў, што выкананне смяротных прыгавораў у Беларусі ідзе ўразрэз з міжнароднай тэндэнцыяй па адмене гэтага віду пакарання як „жорсткага, бесчалавечнага і зневажаючага годнасць”.
„Большасць дзяржаў АБСЕ ўжо адмянілі смяротнае пакаранне, і я заклікаю беларускія ўлады ўвесці мараторый у якасці першага кроку па адмене смяротнага пакарання”, — сказаў Лінк.
Ён нагадаў, што дзяржавы — члены АБСЕ ўзялі на сябе абавязацельства трымаць пытанне аб смяротным пакаранні на разглядзе.
Лінк таксама падкрэсліў, што сакрэтнасць вакол прывядзення ў выкананне смяротнага прыгавору ў Беларусі сама па сабе з’яўляецца „жорсткім, бесчалавечным і зневажаючым годнасць абыходжаннем з асуджаным і яго сваякамі”. „Але незалежна ад таго, як яно выконваецца, смяротнае пакаранне з’яўляецца непрымальным адмаўленнем чалавечай годнасці”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Лінк таксама адзначае, што сярод 57 членаў АБСЕ толькі Беларусь і ЗША прымяняюць смяротнае пакаранне на практыцы.
У перыяд з 28 лістапада па 1 снежня ў Беларусі стала вядома аб расстрэле трох асуджаных да вышэйшай меры пакарання — 28-гадовага Івана Куляша (абвінавачаны ў забойстве трох жанчын, крадзяжы і разбоі), 31-гадовага Сяргея Хмялеўскага (прызнаны вінаватым у жорсткім забойстве некалькіх чалавек) і 49-гадовага Генадзя Якавіцкага (неаднаразова судзімы, прызнаны вінаватым у забойстве сваёй сужыцелькі з асаблівай жорсткасцю). Як вынікае з афіцыйнага паведамлення, атрыманага сваякамі Якавіцкага, ён быў расстраляны 5 лістапада. Праваабаронцы мяркуюць, што ў той жа дзень былі расстраляныя і іншыя прыгавораныя да вышэйшай меры пакарання.
Якавіцкі і Хмялеўскі звярталіся са скаргамі на прыгавор у Камітэт ААН па правах чалавека. Камітэт зарэгістраваў скаргі і прасіў беларускія ўлады адкласці расстрэлы да разгляду спраў у ААН.
Новыя выпадкі смяротнага пакарання ў Беларусі асудзілі Савет Еўропы, Міжнародная федэрацыя правоў чалавека, „Міжнародная амністыя”. Еўрасаюз двойчы за гэты тыдзень выступіў з заявамі, якія асуджаюць смяротнае пакаранне ў Беларусі.