У Гародні прайшоў семінар па аўтарскім праве



img_04122016_171750Семінар па аўтарскім праве, з якім могуць сутыкнуцца творцы на працягу сваёй дзейнасці, прайшоў 4 снежня ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця. Яго ладзіла інтэрнэт-бібліятэка kamunikat.org і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Ці сапраўды на беларускім малым рынку літаратуры, музыкі і медыя гэта вострая праблема? Кажа вядоўца семінара Вольга Сямашка.

– Уражвае аб’ём і колькасць тых аўтараў, якія да канца не выкарыстоўваюць свае правы. Людзі альбо ўвогуле не заключаюць дамоў, альбо маюць кабальныя дамовы, калі яны губляюць магчымасць распараджацца сваімі правамі. Узнікаюць сітуацыі, калі выдавецтва не можа друкаваць кнігу, бо няма аформленых адносінаў з як першапачатковым аўтарам. Гэта, канешне, б’е і па саміх аўтарах, і па кнізе, якая павінна выйсці. І мы хочам гэтую сітуацыю спыніць.

Падобныя семінары праходзяць па ўсёй Беларусі. Як заўважылі арганізатары, у Гародні колькасць зацікаўленых тэмай семінара аказалася значна меншай за Берасце, дзе праходзіла мерапрыемства днём раней.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота baj.by