Візіт кіраўніка Сената Польшчы ў Менск (абноўлена)
Дэлегацыя польскага Сената на чале са старшынём верхняй палаты парламента Станіславам Карчэўскім знаходзіцца з візітам у Менску 5-6 снежня.
6 снежня
Адбылася сустрэча з прадстаўнікамі апазіцыі.
Маршалак Сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчаў з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.
— Я магу зрабіць такую выснову, што ўсім у Беларусі, і тым, што пры ўладзе і тым, хто непрыхільны да ўлады вельмі важна навязаць кантакт з Польшчай і Еўропай. Я вельмі рады, што магу зрабіць такую выснову і завяршыць наш візіт з такім падсумаваннем, што усім хочацца, каб Беларусь была бліжэй да Еўропы, бо яна пачуваецца часткай Еўропы.
Пытанне далейшай падтрымкі польскім бокам дэмакратычных медыя таксама стала адным з галоўных падчас размовы з прадстаўнікамі апазіцыі. «Апазіцыя прасіла працягнуць падтрымку», — паведаміў Карчэўскі.
— Такога гандлю няма, і не было такіх размоваў і такіх думак. Вядома, былі такія падазрэнні, але мы іх развеялі. Апазіцыя пытала пра ўсё, мы правялі вельмі цікавую і надзвычай патрэбную размову. Апазіцыя чакае духоўнай падтрымкі, але, і апазіцыя і усе незалежныя грамадскія сілы, павінны развівацца самастойна. Яны павінны прыкласці шмат намаганняў, каб тут кансалідавацца і весці сваю дзейнасць. Гэта вельмі сур’ёзнае заданне для іх.
Як вядома, улады Беларусі дамагаюцца, каб Польшча спыніла вяшчанне тэлеканалу «Белсат» і «Радыё Рацыя». Абодва СМІ застаюцца неакрэдытаванымі беларускім Міністэрствам замежных справаў. Паводле газеты Nasz Dziennik, узамен беларускі бок прапануе пусціць у Беларусь канал TVP Polonia.
Лідар Руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч ацаніў размову як «досыць жорсткую». Асабліва па праблеме падтрымкі польскім бокам беларускіх незалежных мас-медыя.
— У прыватнасці, пра магчымую адмену вяшчання тэлеканала «Белсат» на тэрыторыі Беларусі, а таксама падтрымку праграм, звязаных з грамадзянскай супольнасцю і незалежнымі медыя. Увогуле, гэта інфармацыя проста была прынятая да ведама.
Пытанне пра закрыццё тэлеканала «Белсат» увогуле не стаіць. Прынамсі, такія словы пачула падчас сустрэчы з польскімі сенатарамі дэпутатка беларускага парламента Алена Анісім.
— Кожны практычна засяроджваў увагу на тэлеканале «Белсат» і ўсе выказваліся за тое, што як альтэрнатыўная крыніца інфармавання і як незалежная трыбуна — гэта вельмі важны сродак масавай інфармацыі. І сенатар запэўніў, што пытання пра спыненне «Белсату», ці яго скарачэнне, не стаіць.
У дыскусіі прымаў удзел і польскі дэпутат Адам Андрушкевіч, які выступае за спыненне дапамогі дэмакратычным СМІ ў Беларусі. Зрэшты, парламентарый адмовіўся ад каментарыяў. Як і палітык Мікалай Статкевіч, які відавочна быў расчараваны вынікамі сустрэчы.
— Вы ўсё адно не дасцё таго, што я ім сказаў. Вы дасцё самапрыніжэнне?
Размова польскіх сенатараў з беларускімі апазіцыянерамі прайшла ў менскім гатэлі «Рэнесанс» за зачыненымі дзвярыма і доўжылася амаль паўтары гадзіны. Хаця першапачаткова, па звестках прэс-службы польскай амбасады, планавалася, што сустрэча будзе кароткай.
Сёння,6 снежня, у апошні дзень візіту, Станіслаў Карчэўскі наведае Курапаты й сустрэнецца з прадстаўнікамі польскае меншасці ў Беларусі.
****
5 снежня
Прайшлі перамовы Станіслава Карчэўскага і Аляксандра Лукашэнкі.
president.gov.by
Сярод шэрагу пытанняў, якія закранаюцца ў час сустрэчаў, важнае месца займае пытанне канфлікту вакол Саюзу палякаў у Беларусі. Паводле інфармацыі польскага боку, Станіслаў Карчэўскі хоча абмеркаваць магчымасць канфлікту, які трывае з 2005 года. Беларускія ўлады раскалолі Саюз палякаў у Беларусі, адабралі маёмасць і падвяргалі дзеячаў непрызнаванага ўладамі саюзу рэпрэсіям. “Як пасля гэтага можна вырашыць канфлікт – я не ведаю,” – адзначыў у эфіры нашага радыё палітычны эксперт Павел Усаў.
– Незалежны Саюз палякаў даволі добра ведае, якая сітуацыя ў Беларусі, і наўрад ці пойдзе на нейкія кампрамісы. Бо кампраміс з уладамі азначае цалкам знішчэнне незалежніцкага духу арганізацыі. Гэта будзе важнай праблемай. І я не ведаю, як польскі бок будзе яе вырашаць: ці змусіць гэтую незалежную частку Саюзу палякаў да супрацы, ці перакрые фінансаванні і, такім чынам, прымусіць незалежны Саюз палякаў да кампрамісу, аб’яднання з афіцыйным.
Адзіны, хто выйграе ад такога аб’яднання, – гэта беларускія ўлады, якія канчаткова здзейсняць мэту знішчэння найбольшай недзяржаўнай арганізацыі ў Беларусі, дадае Павел Усаў.
* * *
Аляксандр Лукашэнка разлічвае на пачатак самага актыўнага дыялогу паміж Беларуссю і Польшчай. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з маршалкам сената Польшчы Станіславам Карчэўскім, паведамляе БелТА.
«Вельмі спадзяюся і амаль упэўнены, што ваш візіт у Беларусь будзе пачаткам самага актыўнага дыялогу паміж нашымі краінамі, – заявіў беларускі лідар. — Пры ўсіх інтарэсах Польшчы і Беларусі, пагадзіцеся, дзяліць нам няма чаго. Мы заўсёды жылі ў дружбе і згодзе. У нас вельмі блізкая, а часам агульная гісторыя. і паколькі часам узнікаюць пытанні з боку Польшчы, можа быць, у нас у часткі насельніцтва, у дачыненні да нашай агульнай гісторыі, я вас хачу запэўніць, што мы заўсёды будзем адкрытыя. мы гатовыя адказваць заўсёды на пытанні і запыты польскага боку».
«Гісторыя не павінна змяняцца пад палітыку і палітычных дзеячаў. Гісторыю нельга змяняць пад кан’юнктуру падзей. І наша галоўная задача – максімальна дакладна яе ведаць і дзейнічаць так, каб у наш адрас потым не сказалі, што мы не ўлічваем гістарычнае мінулае і ўрокі гісторыі», – сказаў ён.Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў апошні час паміж краінамі актывізаваўся палітычны дыялог, адбыўся шэраг візітаў на розных узроўнях. Пры гэтым паміж Беларуссю і Польшчай ўсталяваўся даволі высокі ўзровень гандлёва-эканамічных адносін. «Але гэта абсалютна не адпавядае нашым магчымасцям. Мяркую, што нам тут ёсць над чым працаваць. Вы абсалютна можаце разлічваць на тое, што закрытых тэм і сфер у нашых адносінах быць не можа. Мы заўсёды будзем адкрытыя, гатовыя абмяркоўваць любую праблему», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Без народнай дыпламатыі, без парламенцкага вымярэння ў сучасным свеце вельмі цяжка выбудоўваць і палітычныя, і эканамічныя адносіны. Таму ваш візіт яшчэ важны і таму, што ён будзе садзейнічаць нармалізацыі нашых адносін і выхаду на высокі ўзровень супрацоўніцтва», — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
„У Беларусі з вялікім задавальненнем адзначаюць інтэнсіфікацыю дыялогу з Польшчай”, — заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Кіраўнік верхняй палаты беларускага парламента, звяртаючыся да польскага калегі, заявіў, што бакі „не павінны абыходзіць далікатныя тэмы”. Адной з такіх тэм, паводле яго слоў, з’яўляецца карта паляка. „Гэта пытанне патрабуе сур’ёзнага вывучэння на ўзроўні экспертаў. Такая палітыка стымулюе эміграцыю моладзі, высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі ў Польшчу, а гэта не павінна наносіць шкоду інтарэсам маёй краіны”, — заявіў Мясніковіч.
Гаворачы аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве, ён выказаўся за тое, каб канструктыўнае ўзаемадзеянне парламентаў дзвюх краін спрыяла кантактам Нацыянальнага сходу Беларусі з парламентамі іншых краін Еўрасаюза. „Хацеў бы абмеркаваць гэту тэму”, — сказаў Мясніковіч.
Яшчэ адна тэма — пазіцыя прадстаўнікоў Польшчы ў Еўрапарламенце ў дачыненні да Беларусі „Мы шкадуем, што канструктыўныя адносіны паміж парламентамі кантрастуюць з пазіцыяй еўрапарламентарыяў. Я хацеў бы абмеркаваць і гэту тэму”, — сказаў Мясніковіч.
Працягваючы тэму ўзаемадзеяння парламентаў дзвюх краін, спікер Савета Рэспублікі адзначыў, што паўнавартасны дыялог будзе спрыяць найхутчэйшаму фарміраванню прававой базы супрацоўніцтва. Паводле яго слоў, сёння яна складаецца з 39 дакументаў, яшчэ 12 знаходзіцца ў працы.
Мясніковіч з задавальненнем канстатаваў актывізацыю эканамічных кантактаў: за 10 месяцаў 2016 года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года тавараабарот вырас на 10%, на чвэрць павялічыліся польскія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі. „У тым, што інвестыцыі нарастаюць, мы бачым вялікую перспектыву”, — адзначыў кіраўнік Савета Рэспублікі.
Як заявіў у сваю чаргу Карчэўскі, польскі бок звязвае з візітам вялікія чаканні. Ён рад, што візіт праходзіць напярэдадні 25-й гадавіны з моманту прызнання Польшчай незалежнасці Беларусі (27 снежня). Гаворачы аб сустрэчы з Лукашэнкам, Карчэўскі адзначыў, што абмяркоўвалі, „як будзе выглядаць наша будучыня”.
Чакаецца падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве паміж сенатам Польшчы і Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
Паводле інфармацыі польскага пасольства, спікер сената Польшчы абмяркуе з беларускімі палітыкамі парламенцкае, рэгіянальнае супрацоўніцтва, пытанні малога памежнага руху, эканамічнае супрацоўніцтва і развіццё ўзаемадзеяння ў галіне адукацыі. Карчэўскі таксама мае намер закрануць тэму палякаў, якія жывуць у краіне, і абмеркаваць магчымасць завяршэння спрэчак вакол Саюза палякаў на Беларусі. Дэлегацыя сената Польшчы знаходзіцца ў Беларусі 5—6 снежня па запрашэнні кіраўніка Савета Рэспублікі.
У складзе дэлегацыі — сенатары Яніна Сагатоўска, Станіслаў Гогач, Анджэй Місёлек, Лешак Пяхота і дэпутат Адам Андрушкевіч, сустаршыня Польска-беларускай парламенцкай групы. У польскім дыппрадстаўніцтве звярнулі ўвагу на тое, што візіт дэлегацыі сената па часе супадае з ратыфікацыяй беларускім парламентам дагавора паміж урадамі Беларусі і Польшчы ў галіне адукацыі. Паводле інфармацыі пасольства, падчас візіту запланавана сустрэча польскіх сенатараў з палякамі, якія жывуць у Беларусі, і з прадстаўнікамі апазіцыі. Польская дэлегацыя таксама сустрэнецца са студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Польскія сенатары наведаюць Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Дэлегацыя ўшануе памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, брацкія магілы якіх знаходзяцца ў Курапатах на ўскраіне Менска.