Паэтка з Шаркоўшчыны Людміла Ардынская адзначае 70-годдзе



5 снежня адзначае сямідзесяцігадовы юбілей паэтка і грамадская актывістка з Шаркоўшчыны Людміла Ардынская. Напярэдадні гэтай даты яна выпусціла кнігу «Яблыневы сад», прысвечаную вядомаму садаводу-селекцыянеру з Алашак Івану Сікору і яблычнаму брэнду Шаркоўшчыны. А таксама падрыхтавала да друку кнігу для дзяцей «Белы бусел», вершы і казкі з якой прэзентавала ў Шаркоўшчынскай дзіцячай бібліятэцы.

ardynskaja-1

Па словах Людмілы Ардынскай,  наперадзе ў яе яшчэ шмат творчых задумаў.

— Я не ведаю, як мне Бог дасць, як маё сэрца дасць мне далей трываць так, як я жыву, у такім напружанні, у такім пастаянным пошуку, але ў мяне ўжо на флэшцы набраная кніга «Пад сузор’ем стральца».

Пад зоркай застылай у свет нарадзіла,

 ў снежні матуля на свет.

Пад ветру злы посвіст душу даў наросхрыст,

Прызначыў лёс Божы савет…

Усе творчыя сілы аддам Зямлі мілай,

Аб ёй свае песні пяю…

У Людмілы Ардынскай  шмат творчых планаў. Але, на жаль, паэтка — чалавек адзінокі, пасля працяглай хваробы памёр яе муж, дзяцей не было, жыве з адной пенсіі. Таму і ажыццявіць усе свае творчыя задумы і праекты ёй даволі складана ў матэрыяльным плане. Выпусціць кнігу «Яблыневы сад» ёй дапамаглі сябры з Глыбокага, а вось на кнігу паэзіі «Пад сузор’ем стральца» і дзіцячую «Белы бусел» у яе пакуль не стае грошай.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

ardynskaja-2

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя