Без інфраструктуры не відаць развіцця транспамежнага турызму (абноўлена)
Як прывабіць турыстаў у беларуска-польскі трансгранічны рэгіён? Пра гэта разважалі ў Беластоку ў час міжнароднай сустрэчы з удзелам прадстаўнікоў уладаў і турыстычнага бізнесу з абедзвух краін. Шмат увагі надавалася еўрапейскай праграме Польшча-Беларусь-Украіна, у межах якой можна атрымаць фінансаванне на шматлікія праекты.
Сярод удзельнікаў – кіраўнік Саюзу кемпінгаў у Беларусі Уладзімір Руды:
– Нас цікавіць трансгранічнае супрацоўніцтва. Але ў Беларусі ёсць такая праблема: тых кемпінгаў, дзе могуць спыняцца турысты, якія вандруюць на аўтамабілях, у нас амаль няма. Мы хацелі б пэўную дапамогу атрымаць ад Еўразвяза – для рэканструкцыі нашых аграсядзіб у невялікія кемпінгі. Такая ў нас ёсць праграма, такія прапановы… Няхай едуць, мы чакаем усіх.
На думку віцэ-старшыні Падляшскай рэгіянальнай турыстычнай арганізацыі Валянціны Петрачук, тэма трансгранічнага турызму павінна цікавіць падляшскія арганізацыі:
– Я сама якраз з рэгіёна Белавежскай пушчы. І лакальных фірм, якія прыцягваюць турыстаў, не так шмат. Але яны маюць пэўныя прапановы і іх прадаюць. Таксама мы будзем працаваць над тым, каб турыстычная прапанова з Беларусі не была шаблоннай. Напрыклад, калі гэта Белавежская пушча, то гэта Дзед Мароз і вальеры – на 1 дзень. Бо нават 2 дні на гэта замала.
Прыгадаю, што з канца кастрычніка працуе безвізавы рэжым на тэрыторыі Гародні і Аўгустоўскага канала. З 2015 году без візаў можна наведваць беларускую частку Белавежскай пушчы.
* * *
Маем прыгожыя краявіды, цікавыя архітэктурныя аб’екты і адметную культуру, аднак, каб развівацца, патрэбна турыстычная інфраструктура. Да такой высновы прыйші ўдзельнікі польска-беларускай сустрэчы наконт транспамежнага турызму ў Беластоку. Прадстаўнікі ўладаў, а таксама турыстычнага бізнесу з абодвух бакоў мяжы сцвярджаюць, што стымулам да развіцця можа быць еўрапейская праграма Польшча-Беларусь-Украіна. Паводле Ганны Мухі з Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, праблема транспамежнага рэгіёна – гэта недахоп гасцініц, аграсядзіб, а таксама турыстычных прадуктаў.
– У Менску за апошнія два гады пабудаваныя даволі сур’ёзныя гатэльныя пляцоўкі для правядзення мерапрыемстваў MICE-турызму, моладзевага турызму. Не хапае яшчэ крыху часу, каб дапрацаваць, усё гэта дабудаваць, каб стварыць сур’ёзную і магутную інфраструктуру.
Як дадае Ганна Муха, каб турыстыка развівалася, патрэбнае таксама далейшае адкрыццё мяжы з абодвух бакоў. З канца кастрычніка працуе бязвізавы рэжым на тэрыторыі Гародні і Аўгустоўскага канала. З 2015 года без візаў можна таксама ўязджаць у беларускую частку Белавежскай пушчы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток