Хто незадаволены картай паляка?



Журналіст Андрэй Пачобут разважае, ці «наносіць шкоду інтарэсам краіны» карта паляка.

Падчас сустрэчы з кіраўніком сената Польшчы Станіславам Карчэўскім старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч узгадаў і пра карту паляка: маўляў, бакі «не павінны абмінаць далікатныя тэмы».

«Гэтае пытанне патрабуе сур’ёзнага вывучэння на ўзроўні экспертаў, — заявіў Мясніковіч. — Такая палітыка стымулюе эміграцыю моладзі, высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі ў Польшчу, а гэта не павінна наносіць шкоду інтарэсам маёй краіны».

Андрэй Пачобут: Калі паглядзець на колькасць людзей, якія з’язджаюць з Беларусі, то, паводле афіцыйнай статыстыкі, галоўны накірунак – гэта якраз Расея, а не Польшча. Атрымліваецца, што эміграцыя беларусаў у Расею Мясніковічу ніякім чынам не перашкаджае і вельмі дзіўна, што ён бачыць “шкоду” менавіта ў карце паляка. На мой погляд, гэта проста нейкае штучнае тлумачэнне працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі. Праблема эміграцыі ёсць – ніхто гэтага не хавае. Шмат людзей ва ўмовах існавання сённяшняй улады не бачаць будучыні ў сваёй краіне, а таму з’язджаюць за мяжу. Але прычына тут зусім не ў карце паляка, а ў той палітыцы, якую праводзяць уладу, і ў той сітуацыі, што склалася ў краіне.

РР: Ці цікава для польскай меншасці ў Беларусі карта паляка?

Андрэй Пачобут: Безумоўна, бо сувязь з Польшчай для нацыянальнага меншынства – важная рэч. Думаю, і ва ўрадзе цудоўна разумеюць, чаму тая ж моладзь накіроўваецца ў эміграцыю, але ж не хочуць гэтага прызнаваць публічна. Бо, ў такім выпадку, гэта было б прызнаннем банкруцтва палітыкі беларускай улады. І тады, трэба было патлумачыць, чаму на самай справе людзі з’язджаюць з краіны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя