Прэзентацыя кнігі пра Міхася Кукабаку адбудзецца ў Бабруйску
8-га снежня ў 18.00 у Бабруйску па адрасе Кастрычніцкая 33 адбудзецца прэзентацыя кнігі і сустрэча з іншадумцам Міхасём Кукабакам. Сёлета Міхасю Кукабака споўнілася 80-гадоў, жыве беларускі іншадумца ў Маскве, але 8-9 снежня па запрашэнні беларускіх праваабаронцаў наведвае Радзіму.
Акцыя ў абарону беларускага дысідэнта Міхася Кукабакі перад будынкам ААН у Нью-Ёрку. 21.06.1981
Дакументальная кніга “Міхась Кукабака” зборнік артыкулаў, інтэрв’ю, лістоў. Аснову кнігі складае інтэрв’ю, запісанае 2-4 лютага 2013 года ў маскоўскай кватэры Міхася Кукабакі. Кніга падрыхтаваная Праваабарончым цэнтрам “Вясна” і Цэнтрам даследаванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі. Міхась Кукабака – беларускі дысідэнт савецкіх часоў. За свае перакананні, адстойванне свабоды слова і распаўсюд Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ён 17 гадоў быў пазбаўлены волі.
У кнізе “Міхась Кукабака” асаблівы акцэнт робіцца на праваабарончай дзейнасці беларускай эміграцы. Гэта частка кнігі падрыхтаваная даследчыцай і архівісткай Наталляй Гардзіенкай.
“Ад канца 1970-х гадоў своеасаблівая праваабарончая дзейнасць беларускай эміграцыі, да сёння, на жаль, амаль не даследаваная, набыла сістэматычны характар. Апошняе было шмат у чым звязанае са з’яўленнем у полі зроку эміграцыйных праваабаронцаў беларускага іншадумцы Міхася Кукабакі. Ягоны артыкул «Украдзеная Радзіма» зрабіў моцнае ўражанне на замежных суродзічаў. Адзін з найбольш актыўных эміграцыйных праваабаронцаў, у 1980-х гг. рэдактар газеты «Беларус» (Нью-Ёрк) Янка Запруднік згадваў:
«Ён [Кукабака] быў іншадумцам у шырокім пляне. Ён ня быў беларускім іншадумцам выключна, ён быў іншадумцам шырокага размаху, які бачыў несправядлівасьць у гэтай савецкай імпэрыі і які па дарозе адчуваў сувязь зь Беларусьсю. Сувязь зь Беларусьсю ў яго зьявілася не тады, калі ён сядзеў у лягерох, а тады, калі адтуль трапіў у родны Бабруйск і ў яго ўзбудзіліся ўспаміны. І гэтыя ўспаміны ягоныя, яны для нас прагучэлі, як настальгія па тым, што было. А беларускасьці ў тыя часы ягонага дзяцінства там было болей, чым калі ён вярнуўся. І ў кантэксце гэтага ў яго быў вельмі прыгожы нарыс “Украдзеная радзіма”, і ён як бы абагульняў сытуацыю ня толькі з гледзішча ягонай біяграфіі, але і з гледзішча агульнанацыянальнага. Ягоны патрыятычныя пачуцьці для нас у нашай настальгіі па Беларусі прагучэлі вельмі моцна. Мы пераклалі нарыс на беларускую і ён моцна прагучэў.
Кукабака для нас быў сымбалем, ня толькі іншадумцам, канкрэтным чалавекам, а сымбалем беларускага нацыянальнага іншадумства. Мы жылі там [у ЗША] у кантэксьце шматнацыянальным, іншадумства ў Расеі, якое ў значнай ступені было габрэйскім, гучэла на поўную моц, украінскае іншадумства таксама, і нам хацелася бачыць у Беларусі таксама супраціў, абарону нацыянальных інтарэсаў, супраціў камуністычнаму гвалту, каб выглядаць ня горшымі, чым суседзі. Для нас гэта было вельмі важна для самаадчуваньня. Пры ўсёй рабоце, якую мы рабілі, нам не ставала часамі аргумэнтаў, што мы паўнавартасная нацыя, якая бароніць сваё.[…] Ня ведаю, ці ён карыстаўся калі-небудзь беларускай мовай, але мы зьвярталі ўвагу найперш на тое, што ў ім было беларускае, і гэтае беларускае выцягвалі наверх”.
Міхась Кукабака ў Маскве, люты 2013 года.
Кніга «Міхась Кукабака» – гэта зборнік артыкулаў, інтэрв’ю, лістоў, які складаецца з чатырох частак: вялікае інтэрв’ю, запісанае 2-4 лютага 2013 года ў маскоўскай кватэры Міхася Кукабакі; літаратурна-публіцыстычныя творы, напісаныя Міхасём Кукабакам у часы СССР; нарыс і дакументы, прысвечаныя своеасаблівай праваабарончай дзейнасці беларускай эміграцыі. Тэксты дакументаў пададзеныя ў арыгінальным правапісе; лісты, дакументы і фотаздымкі, якія тычацца жыцця і дзейнасці беларускага дысідэнта Міхася Кукабакі.
Беларускае Радыё Рацыя