„Гэта больш поспех нашых уладаў, чым апазіцыі” (абноўлена)
Дэлегацыя польскага Сената завяршыла двухдзённы візіт у Менск. Цяпер эксперты абмяркоўваюць плюсы ды мінусы гэтай паездкі.
7 снежня ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik адбудзецца брыфінг, прымеркаваны да заканчэння візіту ў Менск польскай дэлегацыі на чале з маршалам Сената Польшчы Станіславам Карчэўскім. Беларусь і Польшча зацікаўлены вырашыць праблему існавання ў рэспубліцы двух саюзаў палякаў, пра гэта было заяўлена падчас перамоў Аляксандра Лукашэнкі і спікера верхняй палаты польскага парламента. Хто і як прадстаўляе інтарэсы грамадзян польскай нацыянальнасці ў Беларусі, чаму адбыўся канфлікт у 2005 годзе і што перашкаджае сёння збліжэнню афіцыйнага Саюза палякаў з неафіцыйнай польскай арганізацыяй, ці вырашана праблема падзелу маёмасці, што зменіцца пасля візіту маршалка Сената ў Менск? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні прагучаць у ходзе брыфінгу ў мультымедыйным прэс-цэнтры Sputnik.
* * *
У стасунках з уладай галоўная мэта – захаванне Беларусі. Але польскі бок мусіць весці дыялог і з грамадзянскай супольнасцю, лічыць лідар Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.
– Цягам некалькіх апошніх гадоў мы адзначаем зніжэнне колькасці тых, хто прытрымліваецца ў Беларусі еўрапейскага выбару, бачыць за арыенцір Еўрапейскі Звяз. Канешне, асноўная прычына – гэта ўзмацненне расейскай прапаганды, яе ўплыў на беларускае грамадства. А па-другое, гэта нявызначаная пазіцыя ЕЗ і адсутнасць тлумачэння гэтай пазіцыі.
У сваю чаргу дэпутатка беларускага парламента Алена Анісім мяркуе, што праз стасункі з Польшчай можна павярнуць беларускае грамадства да Еўропы.
– Мы частка Еўропы, і ўспрымаем мы сябе часткай Еўропы. І менавіта праз еўрапейскасць мы можам павярнуцца самі да сябе, наладзіць праз гэта сваё жыццё да лепшага.
Палітычны аналітык Валер Карбалевіч лічыць, што праз паляпшэнне стасункаў афіцыйнага Менску з Польшчай і увогуле з ЕЗ, усё ж такі адбываецца рух Беларусі ў бок Еўропы.
— Гэта пэўным чынам змякчае ўнутрыпалітычную сітуацыю ў Беларусі, гэта стварае ў пэўным сэнсе пазітыўны вобраз Еўропы і еўрапейскіх каштоўнасцяў. Дзяржаўныя медыя ўжо не бэсцяць Еўропы як ворага. Адбываецца дыверсіфікацыя замежнай палітыкі. Не ўсё завязана на Расею.
Разам з тым, Карбалевіч пагаджаецца зь меркаваннем многіх прадстаўнікоў апазіцыі наконт таго, што візіты высокіх гасцей з Еўразвязу легітымізуюць рэжым Лукашэнкі. Але польскія сенатары не першыя, хто за апошні час сустрэўся з кіраўніцтвам беларускага парламента. Былі і чэшскія парламентарыі, і славацкія, і нямецкія.
— Сапраўды, мы сёння бачым такую цікавую сітуацыю, калі ў перыяд канфліктаў і канфрантацыі Беларусі з Еўразвязам, дачыненні Беларусі і Польшчы былі найбольш дрэннымі з усіх краін Еўразвязу, дык сёння ўсё наадварот— дачыненні Беларусі і Польшчы найлепшыя з усіх краін Еўразвязу.
На думку палітолага, менавіта польскі бок зараз больш зацікаўлены ў развіцці адносінаў, чым беларускі. Таму афіцыйны Менск выкарыстоўвае момант, каб публічна акцэнтаваць тыя праблемы, якія ён хацеў бы вырашыць. Кшталту «карты паляка» ці спынення падтрымкі беларускіх незалежных медыя.
Першы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч ацаніў візіт польскіх сенараў лаканічна: “Гэта больш поспех нашых афіцыйных уладаў, чым апазіцыі”.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота sputnik.by